Школьніка з Брэста ўзялі пад варту: падазраюць у наркагандлі

Вучань 11-га класа адной з брэсцкіх школ узяты пад варту — хлопца падазраюць у распаўсюдзе наркотыкаў. На юнага наркадзялка завялі крымінальную справу, перадае БЕЛТА са спасылкай на Брэсцкую абласную міліцыю. Адметна, што школьныя педагогі ведалі пра занятак вучня, але не паведамлялі пра гэта праваахоўнікам.

Гэта не адзінкавы выпадак моладзевага наркадылерства ў рэгіёне. У лютым брэсцкія праваахоўнікі завяршылі папярэдняе расследаванне па справе групы падлеткаў, якія займаліся крадзежамі. Расследаванне выявіла, што юнакі зрабіліся злодзеямі, каб здабыць грошай на набыццё спайсаў.

За два месяцы праваахоўнікі Брэсцкай вобласці 18 разоў затрымлівалі навучэнцаў розных установаў за спажыванне спайсаў. 7 падлеткаў трапілі ў лякарню з наркатычным атручэннем і па стане на 1 сакавіка ў лекараў назіралася 46 падлеткаў. Летась на ўліку стаяла 33 падлеткі.