У двух беларусаў у Грузіі канфіскавалі 3 кг какаіну і 13 таблетак экстазі

Наркотыкі, знойдзеныя ў беларусаў / паліцыя Грузіі
У грузінскім горадзе Батумі затрымалі двух маладых беларусаў — 2000-га і 2004 гадоў нараджэння. Хлопцаў вінавацяць у незаконным набыцці і захоўванні наркотыкаў у асабліва буйным памеры, паведамляе прэс-служба паліцыі Грузіі.
У памяшканні, якое арандаваў адзін з беларусаў, паліцыя падчас ператрусу выявіла "да 3 кг какаіну, каля 13 тысяч таблетак экстазі і гераін у асабліва буйным памеры".
"Акрамя таго, пры асабістым даглядзе было канфіскавана 7 скруткаў, якія змяшчаюць какаін, экстазі, а таксама іншыя прадметы, прызначаныя для расфасоўкі наркотыкаў. Таксама на мабільным тэлефоне аднаго з абвінавачаных былі выяўленыя фатаграфіі канкрэтных лакацый, адабраных для збыту наркатычных рэчываў", — цытуе "Позірк" заяву грузінскай паліцыі.
Праваахоўнікі мяркуюць, што наркотыкі планавалася прадаваць у начных клубах Батумі.
Калі ў судзе віна маладых людзей будзе даказаная, ім пагражае да 20 гадоў ці пажыццёвае зняволенне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.