"Шкарпэткі Алаха", Кейт Мідлтан шантажуюць, нашэсце цыкад у ЗША — #ІхНоравы
Агляд міжнародных навін / @rubanau_collage
У Малайзіі тры крамы пацярпелі ад нападу праз "шкарпэткі Алаха", а ў Вялікабрытаніі злавілі злачынцу, які хаваўся 27 гадоў. Пра гэта і не толькі чытайце ў нашай штодзённай падборцы замежных навін.
Аднаго з самых даўно шуканых злачынцаў у Вялікабрытаніі арыштавалі праз 27 гадоў
80-гадовага Рычарда Бероўза затрымалі па вяртанні ў Вялікабрытанію з Тайланду амаль праз тры дзесяцігодзьдзі пасля таго, як выдалі ордар на яго арышт. Паліцыя высочвала яго са снежня 1997 года — тады ён не з'явіўся ў Каралеўскі суд Чэстэра, дзе мусіў адказаць па двух пунктах абвінавачання ў махлярстве і 11 пунктах абвінавачання ў сексуальным гвалце над дзецьмі.
Свае злачынствы Бероўз, як мяркуецца, здзяйсняў у дзіцячым доме горада Конглтан у перыяд з 1969 па 1971 год, паведамляе The Guardian.
"Я спадзяюся, што яго арышт паслужыць папярэджаннем для ўсіх іншых падазраваных у вышуку", — сказала інспектар Элеанора Аткінсан з паліцыі Чэшыра.
Зараз Бероўз знаходзіцца пад вартай, а ўжо ў аўторак паўстане перад... тым самым Каралеўскім судом Чэстэра, ад якога ўцёк шмат гадоў таму.
Кейт Мідлтан не расказала б пра хваробу, калі б не шантаж
Відэазаяву прынцэсы Уэльскай, у якой яна падрабязна расказала пра сваё змаганне з ракам, было апублікаванае пад прымусам — пасля званка невядомых. Махляры пагражалі Кейт Мідлтан, што самі раскажуць грамадскасці пра яе дыягназ. Пра гэта піша Daily Mail са спасылкай на свае крыніцы.