Сайты гомельскіх уладаў сталі недасяжныя і ў Расіі
Зайсці на сайты беларускіх дзяржорганаў у "недружалюбных" краінах без VPN немагчыма, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Сайты гомельскіх гар- і аблвыканкама перасталі адкрывацца ў Расіі, а таксама ў краінах, якія беларускія ўлады называюць "дружалюбнымі". На гэта звярнуў увагу рэсурс "Флагшток".
Сайты многіх беларускіх дзяржаўных органаў пэўны час таму сталі недасяжныя ў так званых "недружалюбных" краінах — доступ да іх свядома абмежавалі з-за асцярогі кібератак. Але ў Расіі яны да апошняга часу адкрываліся. "Гомельскія ўлады пайшлі далей", зазначае медыя.
Зайсці на інтэрнет-старонкі гарадскіх і абласных уладаў цяпер магчыма толькі з тэрыторыі Беларусі або пры дапамозе VPN-сэрвісаў. У сувязі з гэтым адкрытым застаецца пытанне, як беларускія ўлады маюць намер шукаць замежных інвестараў, калі патэнцыйны інвестар нават не зможа зайсці на сайт, каб даведацца аб існуючых прапановах або знайсці кантакты чыноўнікаў.