Савет Еўропы: У вас іншы генетычны код, што вы за смяротнае пакаранне?
Ці стане Беларусь сябрам Савета Еўропы, калі адменіць смяротнае пакаранне, кажа дырэктар стратэгічнага планавання СЕ, пасол Пётр Святальскі.
Еўрарадыё: Практычна ўсе чыноўнікі Савета Еўропы пачыналі сустрэчу з беларускімі журналістамі словамі пра сваю веру ў тое, што Беларусь абавязкова стане сябрам гэтай арганізацыі. Цікава, наколькі гэта шчырыя словы?
Пётр Святальскі: Беларусь — адзіная дзяржава, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Гэта ненатуральны стан. Безумоўна, з гадамі чалавек прызвычайваецца да любога стану і перастае яго заўважаць, але я лічу, што гэты стан ненатуральны, і нам неабходна сумесна працаваць над тым, каб Беларусь як мага хутчэй стала сябрам Савета Еўропы. Праўда, я паўтараю гэтую фразу ўжо шмат гадоў, у Страсбургу — з кастрычніка 2005 года. І нават укладаў такую фразу ў заявы і рашэнні Савета міністраў: “Мы чакаем Беларусь, мы чакаем вас!” Але не атрымліваецца. Не атрымліваецца не таму, што тут нейкая перадузятасць, што людзі тут маюць нейкае негатыўнае стаўленне да Беларусі. Праблема ў тым, што ў беларускага кіраўніцтва няма палітычнай волі выконваць патрабаванні, звязаныя з сяброўствам у Савеце Еўропы. І тут карціна вельмі простая: ніхто для Беларусі не будзе ствараць асаблівых, ільготных умоў уваходжання ў Савет Еўропы — Беларусь будуць разглядаць як усе астатнія краіны. І пакуль няма такой палітычнай волі, на жаль, мусім працаваць ускосна: прымаючы вас, журналістаў, падтрымліваючы дыялог і з прадстаўнікамі ўлады, і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Бо сёння самая галоўная для нас задача ў тым, каб мы маглі прыняць Беларусь у склад Савета Еўропы ў найбліжэйшы час. А вось калі — гэта вы мне лепш скажыце.

Еўрарадыё: А асабіста ў вас як у дырэктара стратэгічнага планавання Савета Еўропы ёсць пакрокавы план, так званая “дарожная мапа” прыняцця Беларусі ў гэтую арганізацыю?
Пётр Святальскі: Вядуцца размовы… размовы ўнутранага характару тут, у Савеце Еўропы. Складаюцца рознага плану паперы. У тым ліку мой дырэктарат некалькі месяцаў таму падрыхтаваў закрытую, унутраную паперу: аналіз таго, як можна было б сумесна працаваць з беларускімі ўладамі, з грамадзянскай супольнасцю над тым, каб надаць дынаміку гэтаму працэсу. Бо са снежня 2010 года ў нас руху няма. Калі нейкі рух і быў, то ён меў негатыўны характар. Так што размовы ў нас ідуць, але ініцыятыва павінная быць з вашага боку. Нават калі ўлады не думаюць, што ўваходжанне ў Савет Еўропы — гэта нейкі прыярытэт для іх, я лічу, што ў інтарэсах грамадзянскай супольнасці задумацца над тым, як працаваць і тут, і ў сябе дома, каб набліжаць сяброўства ў Савеце Еўропы. Сяброўства ў Савеце Еўропы карыснае не толькі грамадзянам, але і дзяржаве. Я не лічу, што для іміджу беларускай дзяржавы станоўчым ёсць яе сённяшні стан, калі Беларусь з’яўляецца адзінай краінай не ў складзе Савета Еўропы, што гэта працуе на карысць кіраўнічых колаў. Я лічу, што гэта для іх праблема. Так што ініцыятыва павінная быць за вамі. Гэта вы павінныя прыязджаць сюды і паказваць, як трэба працаваць на збліжэнне, якія моманты акцэнтаваць, што падкрэсліваць і як прыцягваць увагу Савета Еўропы. Савет Еўропы спрабаваў рабіць некаторыя рэчы, і я сам у гэтым браў удзел. Так, у 2006 годзе была прынятая першая ў гісторыі праграма дзеянняў “экш-план для Беларусі”. Гэта быў прэцэдэнт, бо гэта быў першы план для дзяржавы, якая не з’яўляецца сябрам СЕ. Быў створаны інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў Мінску, былі і іншыя ініцыятывы, але трэба больш актыўна паводзіць сябе вам. Вы ж разумееце: у Савета Еўропы спіс праблем вельмі доўгі. Пачынаючы ад надзённых праблем у краінах-сябрах. І праца з не-сябрамі ў гэтай павестцы фігуруе, але далёка не на першым месцы. І я заўжды кажу: нягледзячы на тое, што ў вас гэтае пытанне будзе вырашацца на самым высокім узроўні, вы павінныя ўдзельнічаць у гэтым дыялогу. У вас павіннае быць уяўленне: як трэба Савету Еўропы прадуктыўна працаваць з Беларуссю, у Беларусі, з беларускімі актарамі.
Еўрарадыё: А навошта беларускім уладам імкнуцца ў Савет Еўропы? Дваццаць гадоў былі не-сябрамі і яшчэ столькі ж пражывём! Суддзі з пракурорамі ды іншыя чыноўнікі на семінары ў Страсбург прыязджаюць, фінансаванне праграм, якія цікавыя афіцыйнаму Мінску, ад вас ідзе… А для ўваходжання нейкія яшчэ ўмовы выконваць, напружвацца…
Пётр Святальскі: Ужо той факт, што такое пытанне задаецца, выклікае пачуццё крыўды… Разумееце, сёння мы жывём у Еўропе, якая аб’ядноўваецца. Добра ці дрэнна яна аб’ядноўваецца — гэта іншае пытанне. Але мы разумеем, што ўсе мы — сябры адзінай еўрапейскай сям’і. Канечне, можна сказаць: “Беларусь мае права на свой выбар! Вы такія, а мы зусім іншыя, у нас нічога агульнага з вамі няма, і мы хочам стаць у кут і там пастаяць, паглядзець”. Можна і так, але ў імя якой вышэйшай стратэгічнай мэты такі выбар — стаяць у куце? Вось гэтага я зусім не разумею! Канечне, вы можаце сказаць, што ў вас ёсць праблемы, няма палітычнага плюралізму і гэтак далей. Але ж прымаліся ў Савет Еўропы дзяржавы, у якіх былі падобныя праблемы і недахопы. Яшчэ ў 2010 годзе я сустракаўся з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых і палітычных арганізацый. І яны самі прызнавалі: у пачатку другога тысячагоддзя ступень свабодаў у Беларусі перавышала ступень свабодаў у Азербайджане. А Азербайджан — сябра Савета Еўропы. Нават сёння ёсць людзі, якія лічаць, што магчымасці для палітычнай дзейнасці ў Беларусі нашмат большыя, чым у Азербайджане. Але ў Азербайджане вырашылі, што яны хочуць быць сябрам еўрапейскай сям’і, нягледзячы на тое, што іх актыўна крытыкуюць. І выходзіць з Савета Еўропы праз гэтую крытыку не збіраюцца. І на гэтым фоне я не магу зразумець, чаму беларускія ўлады лічаць, што ім уваходзіць у Савет Еўропы не трэба.

Еўрарадыё: Ну, хаця б таму, што перад імі ставяць пэўныя ўмовы.
Пётр Святальскі: Тых умоў усяго дзве. Першая — адмена смяротнага пакарання. Чаму Беларусь хоча адрознівацца ад усёй Еўропы, ад Расіі ў тым ліку, і хоча захаваць смяротнае пакаранне? Ніхто не ў стане мне гэта патлумачыць. Што, у вас генетычны код іншы, у вас іншая цывілізацыя? Вы, выбачаюся, жывяце па Старым Запавеце — зуб за зуб? Я сустракаўся з беларусамі і бачыў, што яны думаюць гэтак жа, як палякі, венгры, французы. А тут такая незразумелая рэч. І другая ўмова — вызваленне палітвязняў. А гэтая праблема ўвогуле лёгка вырашаецца. Пры жаданні — за адзін дзень! Як, у прынцыпе, і першая ўмова: каб яе выканаць, дастаткова ўвесці мараторый. Іншая справа, і я гэта пытанне задаваў сваім калегам неаднаразова, што будзе, калі дзве гэтыя ўмовы будуць выкананыя. Уявім сабе, што ўсе палітвязні на свабодзе. Ну, хаця б таму, што тэрмін зняволення ў іх скончыўся. А на смяротнае пакаранне ўведзены мараторый. Што будзе тады? Беларусь можна прымаць у Савет Еўропы?
Еўрарадыё: А вы як лічыце — перашкод для ўваходжання ж нібыта не будзе?
Пётр Святальскі: А я не ведаю! Я не ведаю адказу на гэтае сваё пытанне — што будзе тады? І ніхто сёння не ведае. Праўда, ёсць меркаванне, што калі такая сітуацыя надарыцца, трэба будзе перад Беларуссю паставіць больш жорсткія ўмовы для ўваходжання ў склад Савета Еўропы. Магчыма, высунуць нейкія новыя патрабаванні. Але як яно будзе, я сёння сказаць не гатовы.
Еўрарадыё: А вашае асабістае меркаванне на гэты конт якое?
Пётр Святальскі: Я скажу так. У Савета Еўропы ёсць даўно прынятая палітыка, сэнс якой у тым, што мы будзем прымаць у свой “джэнтльменскі клуб” усе краіны, якія гэтага пажадаюць і якія выканаюць усе неабходныя ўмовы і патрабаванні. Нягледзячы на розныя іншыя хібы. Маўляў, гэтыя краіны паглядзяць на нас, возьмуць з іншых сяброў Савета Еўропы прыклад, і паступова ў гэтых краінах сітуацыя зменіцца да лепшага. Але як мы бачым на прыкладзе апошніх падзей ва Украіне і ўдзелу ў гэтых падзеях іншай краіны, браць прыклад і змяняцца да лепшага такія краіны “з пэўнымі хібамі” не вельмі і імкнуцца. І я ўжо прапаноўваў кіраўніцтву падумаць над тым, каб гэтую палітыку прыёму ў сябры Савета Еўропы перагледзець. Але пакуль да маіх прапаноў не прыслухоўваюцца. Што будзе далей — залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя, як павядуць сябе асобныя краіны-сябры Савета Еўропы.
Фота: Змітра Лукашука