Санкцыі супраць Беларусі. Тлумачым, за што ўведзеныя і як працуюць

Абмежаванні супраць Беларусі / Euroradio via Chat GPT
За пяць год, цягам якіх у Беларусі доўжыцца палітычны крызіс, супраць рэжыма Лукашэнкі Еўрасаюз увёў 18 пакетаў санкцый, а ЗША — чатыры.
Усе яны пачалі дзейнічаць праз вялікую колькасць прычын, што часам стварае блытаніну. Чым карыстаюцца праўладныя прапагандысты і шэраг палітыкаў з кола дэмсілаў, сцвярджаючы, што абмежаванні былі ўведзеныя супраць беларусаў.
Еўрарадыё зрабіла рэвізію найбольш вядомых “санкцыйных пакетаў”, каб нагадаць, чаму іх увялі і як яны працуюць.
Авіяпералёты
Санкцыі супраць беларускай авіяцыі сталі вынікам інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ў Мінску быў прымусова пасаджаны рэйс Ryanair і затрыманы журналіст Раман Пратасевіч.

Заходнія краіны забаранілі “Белавіа” выкарыстоўваць паветраную прастору і аэрапорты сваіх краін, увялі абмежаванні на лізінг самалётаў, пастаўку запчастак і тэхналогій, а таксама дадалі ў санкцыйны спіс прадпрыемства “Белаэранавігацыя”.
Гэтыя меры пазбавілі нацыянальнага перавозчыка доступу да еўрапейскага рынку і часткі авіяпарку, прымусіўшы адмовіцца ад заходніх камплектуючых і перабудоўваць маршруты праз трэція краіны.
Рух цягнікоў
Чыгуначнае злучэнне Беларусі з краінамі ЕС і Украінай спынілася ў 2020 годзе, падчас эпідэміі каронавіруса. Сапраўдныя санкцыя былі ўведезеныя пасля пачатку вайны ва Украіне і ўцягвання Беларусі ў расійскую ваенную лагістыку па транспартыроўцы ваенных грузаў і зброі.
ЕС увёў забарону на выкарыстанне прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, для перавозак па тэрыторыі саюза, што фактычна абмежавала транзітныя маршруты.

У санкцыйны спіс быў уключаны кіраўнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. Украіна, са свайго боку, у лютым 2023 года наклала жорсткія санкцыі на Беларускую чыгунку тэрмінам на 10 гадоў — з замарозкай актываў, спыненнем кантрактаў і забаронай на транзіт.
Зачыненыя памежныя пераходы з Украінай, Літвой, Польшчай, Латвіяй
Вясной 2021 года рэжым распачаў, як выявілася пазней, спланаваны міграцыйны крызіс на мяжы краін ЕС. Літва, Польшча і Латвія ў адказ спачатку ўзвялі бар’еры на мяжы, узмацнілі патрулі. А пазней пачалі зачыняць пункты пропуску, спасылаючыся на пагрозы нацыянальнай бяспецы, кантрабанду і прысутнасць на беларускай тэрыторыі байцоў ПВК “Вагнер”. Польшча дадаткова абмежавала перасячэнне мяжы і забараніла падачу хадайніцтваў аб прытулку для асоб, якія прыходзяць з Беларусі, а Літва і Латвія закрывалі асобныя пераходы ў 2023 годзе.
Украіна зачыніла мяжу з Беларуссю пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе, хаця рух ужо быў абмежаваны ў 2020-м праз пандэмію каронавірусу.
Сітуацыя з лекамі і медыцынскім абсталяваннем
Абмежаванняў на продаж лекаў і медыцынскага абсталявання супраць Беларусі не ўводзілася. Гуманітарныя пастаўкі, уключаючы лекі, застаюцца дазволенымі пры наяўнасці адпаведных ліцэнзій.

Аднак санкцыі ўплываюць на медыцынскую сферу ўскосна. Абмежаванні закранулі транспартную лагістыку, банкаўскія каналы і ланцужкі паставак. Некаторыя заходнія кампаніі спынілі пастаўкі спецыяльных матэрыялаў і медпрэпаратаў, напрыклад, шведская Mölnlycke і польская Polfa. Беларусь пераарыентавалася на супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем, Іранам, Індыяй і Турцыяй, развіваючы паралельна мясцовую вытворчасць медыцынскага абсталявання.
Праблемы з атрыманнем візаў
Насамрэч працуюць толькі абмежаванні на атрыманне шэнгенскіх візаў для асоб, звязаных з рэжымам Лукашэнкі.
Па загадзе рэжыму Лукашэнкі колькасць дыпламатаў у еўрапейскіх амбасадах значна скарацілася. Цяпер банальна амаль няма каму разглядаць заяўкі на візы.
Яшчэ адным фактарам стала вайна ва Украіне. Праз пытанні нацыянальнай бяспекі краіны ЕС зрабілі працэс праверкі заяўнікаў больш грунтоўным. Пры гэтым большасць краін не забараняла выдачу віз — толькі Чэхія. А Літва адмовілася толькі ад турыстычных.
Фінансавыя аперацыі
Гэтыя санкцыі наклалі на Беларусь у адказ на дапамогу Расіі ў вайне супраць Украіны. ЕС і ЗША забаранілі прадстаўленне фінансавых паслуг беларускім дзяржаўным кампаніям і асобам, звязаным з рэжымам Лукашэнкі, уключаючы брокерскія паслугі, страхаванне, кансультацыі і выпуск аблігацый і акцый на міжнародных рынках.

У сакавіку 2022 года тры асноўныя беларускія банкі — “Белаграпрамбанк”, “Банк Дабрабыт” і “Банк Развіцця” — былі выключаныя з сістэмы SWIFT, што ўскладніла міжнародныя пераводы. Міжнародныя плацёжныя сістэмы Visa і Mastercard спынілі абслугоўванне беларускіх картак за межамі краіны.
Гандаль: экспарт і імпарт
Шырокія гандлёвыя санкцыі супраць Беларусі былі ўведзеныя краінамі Захаду ў адказ на яе ўдзел у расійскай агрэсіі. У ЕС забаронены імпарт беларускай драўніны, цэменту, жалеза і сталі, гумавых вырабаў, а таксама прадукцыі “Беларуськалію” і іншых ключавых экспарцёраў.
Экспарт у Беларусь абмежаваны для тавараў двайнога прызначэння, тэхналогій для нафтагазавай і марской галіны, цяжкага машынабудавання. Акрамя таго, уведзены павышаныя мытныя пошліны — цалкам на ўгнаенні і сельскагаспадарчую прадукцыю, каля 50% на харчаванне, а таксама забаронена выкарыстанне беларускіх паўпрычэпаў для перавозак у ЕС.
Санкцыі спынілі працу буйных беларускіх экспарцёраў у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і ЕС.

Але і рэжым увёў уласныя “санкцыі” супраць еўрапейскіх краін. Забаронены імпарт шэрагу тавараў з “несяброўскіх краін”, што значна ўплывае на тое, што вы бачыце на паліцах ў крамах.
Аб’екты інтэлектуальнай маёмасці
Санкцыі на паказ у Беларусі заходняга кантэнту ніколі не ўводзіліся. Галівудскія карпарыцыі (Sony Pictures, Disney, Warner Bros. і г.д.) і сэрвісы тыпу HBO Max самі сышлі з рынку пасля пачатку вайны. А праца іншых сэрвісаў (Netflix) ускладнілася праз перабоі з аплатай картак Visa і Mastercard.
Гэтую праблему беларускія ўлады вырашылі праз легалізацыю “пірацтва”. У 2023 годзе быў прыняты закон, які дазваляе выкарыстанне пірацкіх копій замежных фільмаў, музыкі і праграмнага забеспячэння з краін, якія лічацца "несяброўскімі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.