Самалёту AirBaltic прыйшлося (ненадоўга) заляцець у Беларусь
AirBaltic / airbaltic.com
Самалёт AirBaltic Airbus A220-300 у ноч на сераду вымушана апынуўся ў паветранай прасторы Беларусі, піша Delfi. Прычына ў непагадзі.
Рэйс AirBaltic вылецеў з Рыгі і павінен быў рухацца ў Косава праз паветраную прастору Літвы і Польшчы. Аднак праз буру вымушаны быў адхіліцца ад курсу і 20 хвілін правесці над Беларуссю.
Еўрапейскім авіякампаніям забаронена выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі пасля таго, як 23 мая 2021 года ў Мінску прымусова быў пасаджаны самалёт Ryanair, на якім ляцеў беларускі апазіцыянер Раман Пратасевіч. Еўрапейскія краіны таксама закрылі сваю паветраную прастору для беларускіх перавозчыкаў.