Салігорскі "Шахцёр" напісаў заяву ў міліцыю пра атаку хакераў

Кіраўніцтва салігорскага футбольнага клуба "Шахцёр" звярнулася з заявай у міліцыю. Яно просіць мясцовую міліцыю правесці праверку па факце несанкцыянаванага доступу да сайта клуба, інфармуе "Прессбол".

Нагадаем, напярэдадні з'явілася заява прэс-службы футбольнага клуба "Шахцёр". У ёй сцвярджаецца, што невядомымі на сайце была "схаваная" навіна пра матч "Шахцёр" — "Слуцк", які, нібыта, быў згуляны 3 лютага ў Пінску. Футбольны клуб заяўляе, што такога матча не было, а навіна фальшывая і што гэта следства хакерскай атакі. Ад яе пацярпеў не толькі сайт клуба, але і пошта, з якой ішла спам-рассылка.

Газета "Прессбол" выказала меркаванне, што хтосьці такім чынам вырашыў зарабіць, зрабіўшы стаўку на матч, вынік якога прадказаць было лёгка, паколькі ён існаваў толькі ў галаве зламысніка. Цяпер праваахоўнікі правядуць расследаванне.

Фота: Fotolia