Салдат прымаў прысягу пад канвоем… у Навінках
Ігар Шчука прыехаў з Расіі пагасцяваць да родных і раптоўна апынуўся ў беларускім войску.
Ігар жыве ў Расіі з жонкай ужо 8 гадоў і на радзіме бывае толькі ў гасцях. На травеньскі святы ён прыехаў у Салігорск да бацькоў. 3 траўня да яго дадому прыйшлі міліцыянты, у суправаджэнні якіх малады чалавек быў дастаўлены ў ваенкамат. Там яму ўручылі позву на медкамісію.
Але прайсці медкамісію да канца Ігару не дазволілі: 8 траўня яго затрымалі і пасадзілі на суткі нібыта за лаянку матам. Адбыць арышт да канца яму таксама не далі: на трэція суткі забралі з турмы ў ваенкамат, адкуль накіравалі ў Мінск, у лякарню Навінкі. Там хлопец прабыў да 24 траўня, адкуль яго павезлі ў 72-ю вайсковую частку (Печы).
Там Ігар Шчука таксама не затрымаўся: на мінулым тыдні яго накіравалі назад у Навінкі. А 15 чэрвеня да яго спецыяльна прыехалі вайскоўцы, каб прывесці пад прысягу.
Адметна, што малады чалавек з’яўляецца актывістам апазіцыйнай расійскай арганізацыі “Іншая Расія”. Такі раптоўны прызыў у беларускае войска сябры Ігара лічаць палітычна матываваным, інфармуе ags.by