Сацсеткі трэш-блогера Mellstroy прызналі ў Беларусі экстрэмісцкімі

Блогер Mellstroy

Блогер Mellstroy / t.me/breakingmash

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 4 лістапада з ініцыятывы ГУБАЗіКа прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі ўсе каналы трэш-блогера Mellstroy на ўсіх платформах. Таксама экстрэмісцкімі прызнаныя іх лагатыпы і вадзяныя знакі, паведамляе прэс-служба МУС.

Сапраўднае імя скандальнага блогера — Андрэй Бурым. Ён ураджэнец Гомеля, грамадзянін Беларусі, але цяпер жыве па-за межамі радзімы.

У кастрычніку ён абвясціў, што цягам месяца будзе набываць штодня кватэру ціктокеру, чыё відэа прыйдзецца яму даспадобы. Пасля гэтага ў сацсетках пачалася хваля самых розных (у тым ліку даволі дзікіх) учынкаў, знятых на відэа.

"У кастрычніку на тэрыторыі Беларусі выяўлены факты здзяйснення хуліганстваў, парушэнняў грамадскага парадку і незаконных масавых мерапрыемстваў. /.../ Падобныя правакацыі падпадаюць пад дзеянне Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", — заяўляюць у МУС.

Міліцыя нагадвае пра адказнасць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у любой форме, а таксама пра недапушчальнасць удзелу ў правакацыйных акцыях, якія парушаюць грамадскі парадак.

Іронія ў тым, што ў конкурсе Mellstroy паспелі адзначыцца і праўладныя беларускія блогеры, і супрацоўнікі МНС з Гродна, і іншыя людзі. Ці будуць іх усіх садзіць, як судзяць і саджаюць за "палітычныя" падпіскі, пакуль няясна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.