Рыгору Кастусёву тройчы адмовілі ў пераводзе пад хатні арышт
Лідару Партыі БНФ Рыгору Кастусёву следчыя тройчы адмовілі ў пераводзе пад хатні арышт. Пра гэта ён напісаў у лісце паплечнікам ад 20 ліпеня, на які спасылаецца прэс-служба партыі.
На пачатку ліпеня ў Кастусёва настолькі моцна пагоршылася здароўе, што яго перавялі з СІЗА КДБ ("Амерыканка") у медкорпус СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага. У сярэдзіне ліпеня дачка Кастусёва Кацярына паведаміла, што аналізы паказваюць на падазрэнне анкалагічных захворванняў у бацькі. Аднак з турэмнай лякарні палітыка вярнулі ў "Амерыканку".
Пры гэтым аніякія следчыя дзеянні з удзелам Кастусёва пад вартай ужо даўно не праводзяцца. Расследванне крымінальнай справы па “змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” працягнутае да кастрычніка.
Рыгор Кастусёў адзначае, што да яго даходзяць не ўсе лісты паплечнікаў па партыі.
Кастусёў быў затрыманы адначасова з юрыстам Юрасём Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. Іх вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады. Іншыя фігуранты справы (якія засталіся на волі за мяжой) падкрэсліваюць, што гэта быў дыскуійны клуб, дзе абмяркоўваліся разнастайныя варыянты развіцця падзеяў.