Рокер Ігар Банцар выйшаў са штрафнога ізалятара пасля 20 дзён пакарання

Са штрафнога ізалятара (ШІЗА) пасля 20 дзён пакарання выйшаў рок-музыка Ігар Банцар.
У інтэрв'ю Радыё "Свабода" Банцар расказаў, што ШІЗА за апошні час яго пакаралі двойчы — па 10 сутак. Першае пакаранне — за адмову выконваць патрабаваньне адміністрацыі віцебскай "хіміі".
"Яны хацелі пасяліць мяне да чалавека з "нізкім статусам". Я адмовіўся. Яны знарок так хацелі зрабіць перад маім пераводам на "зону". Там я б не здолеў камунікаваць з "нармальнымі пацанамі", стаў бы "адсаджаным на кубак" (ізаляваным ад іншых вязняў паводле няпісанага турэмнага кодэксу. — Заўв.). Перада мной у калонію паляцела бы "малява" (цыдулка. — Заўв.) ад міліцыянтаў, што едзе чалавек з "нізкім статусам“., — кажа асуджаны музыка.
Другое пакаранне яму прызначылі за тое, што падчас карантыну ляжаў, а не сядзеў удзень на ложку.
У ізалятары, па словах Банцара, было вельмі халодна — тэмпература такая ж, як на вуліцы. Пасцельную бялізну і матрац на ноч не выдавалі. "З ежай там кепска, яна бывала непадагрэтая, няма вітамінаў, не дазволеныя перадачы з волі, няма кіпяцільніка. Да таго ж я вегетарыянец, таму яшчэ менш калорый і энергіі. Пачаў есці рыбу", — распавядае палітвязень.
24 лістапада ў Віцебску павінен адбыцца новы суд над Банцарам. Там разгледзяць яго перавод на больш жорсткі рэжым — з "хіміі" ў калонію. Такі суд ужо адбыўся 29 верасня, музыку прысудзілі перавесці. Аднак пазней выявілася, што няправільна аформілі — спаслаліся на 415-ы артыкул, які ўжо выключаны з Крымінальнага кодэксу. Таму цяпер павінен адбыцца новы суд.
Праз блытаніну ў дакументах цяпер не зусім ясны тэрмін, калі Банцар павінен выйсці на волю. 29 верасня яму прызначылі 55 дзён у калоніі агульнага рэжыму. Калі б увесь час пасля суда ён правёў у калоніі, то напрыканцы лістапада ўжо выйшаў бы на волю. Частку пакарання Банцар адбыў у віцебскім СІЗА, дзе тэрмін лічыцца ў паўтара раза хутчэй — гэта значыць, што вызваліцца вязень мог нават на пачатку лістапада. Застаецца незразумелым, чаму ён дагэтуль застаецца за кратамі.
Калі ў дакументах выявілі памылку, палітвязня вярнулі на "хімію", адкуль ён і быў накіраваны ў ШІЗА ў Гарадок. Цяпер ён зноў на "хіміі".
Вусна супрацоўніца "хіміі" сказала Банцару, што яго тэрмін скончыцца сёлета 17 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.