Рэжысёрка з Акрэсціна: Пачынаючы з РУУС, цябе называюць "недабітым змагаром"
31 студзеня рэжысёрка і кантэнт-менеджарка Карына Хацкалёва разам з сябрамі прыйшла да ізалятара на Акрэсціна сустракаць свайго сябра, артыста філармоніі Дзяніса Іванова. Але ўбачыць Дзяніса не атрымалася: Карыну саму закрылі ў ІЧУ, завёўшы туды пад рукі "на экскурсію". Пра тое, што здарылася, яна Карына распавяла "Нашай Ніве".
Побач з кампаніяй Карыны ля ізалятара стаялі яшчэ некалькі чалавек, сярод якіх быў журналіст з камерай. Супрацоўнік ІЧУ выйшаў і пачаў штурхаць чалавека з камерай.
"Я спытала ў яго: "На якой падставе вы ўжываеце фізічную сілу?" Тады гэты мужчына падышоў да мяне, дастаў свой тэлефон, пачаў здымаць, называў нас "неверагоднымі бл*****і". Ëн паклікаў яшчэ двух супрацоўнікаў ІЧУ, і ўжо разам яны ўзялі мяне пад рукі і завялі на на Акрэсціна", — узгадвае Карына.
У прыёмнай дзяўчыну абшукалі і адправілі ў "стакан". Супрацоўнікі ізалятара "па-бацькоўску" прапаноўвалі ёй выбачыцца перад мужчынам, з якім яна спрабавала гаварыць перад затрыманнем, маўляў, тады яе адпусцяць.
"Але я шчыра не разумела, за што павінна была выбачацца. Не разумею і сёння", — гаворыць Карына. Пасля "стакана" дзяўчыну адвезлі ў РУУС для складання пратаколу і вярнулі на Акрэсціна:
"Я проста афігела ад гэтай сітуацыі, гэта быў проста сюррэалізм, які адбываўся са мной. Пазней я спрабавала адказаць сабе на пытанне: чаму мяне затрымалі. Тлумачыла гэта тым, што супрацоўнікам Акрэсціна не спадабалася, што Дзяніса сустракала так шмат людзей. Ім не па душы, што з Акрэсціна, карнай установы, людзей сустракаюць як герояў. Але гэта, вядома, мае суб’ектыўныя адчуванні".
У камеры на шэсць чалавек Карына была шаснаццатай. Разам з ёй знаходзіліся пенсіянерка, настаўніца, медыкі, судмедэксперт, маладая маці. Дзяўчына кажа, што спаць даводзілася на падлозе, пра гігіенічныя сродкі гаворкі не было.
"Пачынаючы з РУУС, цябе называюць "недабітым змагаром", намякаюць, што "нам пашанцавала, што цяпер не жнівень", жартуюць, што могуць падкінуць наркотыкі… Цябе пераконваюць, што ты ніхто, а яны — улада. Для іх гэта смешна, але, калі ты знаходзішся там і не ведаеш, чаго сапраўды чакаць, зусім не да смеху", — прызнаецца Карына.
На судзе Карына даведалася, што, аказаецца, ля Акрэсціна яна ладзіла адзіночны пікет з сімволікай і 15 хвілін крычала "Жыве Беларусь!", за гэта яе нібыта і затрымалі.
"Вядома, ніякай сімволікі ў мяне ў вопісе рэчаў не было. А сведка нават не змог сказаць, дзе я стаяла", — кажа дзяўчына.
Карына правяла на Акрэсціна трое сутак, суд адправіў справу на дапрацоўку, таму Карына цяпер дома. Хаця не ведае што будзе далей:
"Рэжысёр Валерый Сігараў у інтэрв’ю Юрыю Дудзю казаў, што ў іх у Расіі развіваецца культура прыніжэння. Мне здаецца, у нас таксама. Проста той факт, што ты не ведаеш, дзе парушаеш закон, ужо прыніжае, прымушае баяцца. Затрымаюць цябе ці не — проста нейкі рандом. Фабрыка па фабрыкаванні спраў робіць сваю працу. Адзінае, што застаецца нам — гаварыць пра гэта, не замоўчваць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.