У Літве працягваюцца пратэсты супраць беларускай АЭС
Забараніць будаўніцтва "эксперыментальнай АЭС" ля самых межаў са сталіцай Літвы" запатрабавала партыя Саюз сялян-народнікаў Літвы.
Партыя Саюз сялян-народнікаў Літвы 21 сакавіка накіравала на імя прэзідэнта і ўрада Літвы заяву з патрабаваннем неадкладна прыняць па дыпламатычных каналах захады, каб "эксперыментальная АЭС у Расіі і Беларусі не будавалася ля самых межаў са сталіцай Літвы".
Як паведамляе ІА REGNUM, у дакуменце адзначаецца, што намаганняў у гэтым пытанні МЗС Літвы і рэзалюцыі Сойма Літвы "відавочна недастаткова", а Літва "абавязаная выкарыстоўваць усе магчымыя рычагі ціску ў міжнародных арганізацыях".
У заяве называецца "цынічным", што падчас крызісу на АЭС у Японіі Расія і Беларусь падпісалі дамову аб будаўніцтве АЭС у Астраўцы, які знаходзіцца ў 50 км ад Вільні. Партыя падкрэслівае: "досвед Чарнобыля" паказвае, што пасля аварыі зона адчужэння ад станцыі знаходзіцца ў радыусе 60 км ад Чарнобыльскай АЭС, а Вільня, у такім разе, трапляе "ў зону эвакуацыі".