У Гомелі сёння адкрыецца выстава выцінанак, прысвечаная аварыі на ЧАЭС
На выставе будуць прадстаўлены 20 выцінанак — фіналістаў конкурсу "Раскажы мне, воблака".
У музеі гісторыі Гомеля 22 красавіка адкрыецца выстава выцінанак з фондаў Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея "Казка пра Барабольку", прысвечаная 25-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Як паведамілі БелаПАН у адміністрацыі музея, на выставе будуць прадстаўлены 20 выцінанак — фіналістаў конкурсу "Раскажы мне, воблака", які прайшоў у рамках міжнароднага праекта французскай асацыяцыі "Спадчына без межаў" і аддзела культуры Брагінскага райвыканкама.
У 2007 годзе пры рэалізацыі міжнароднай праграмы CORE французская асацыяцыя "Спадчына без межаў" арганізавала міжнародны фестываль, у якім узялі ўдзел пісьменнікі і мастакі з дзесяці краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Аўстрыі, Германіі, Камеруна, Лівана і Філіпін. Адным з праектаў фестывалю быў дзіцячы конкурс "Раскажы мне, воблака", удзельнікі якога — дзеці і дарослыя — павінны былі скласці і праілюстраваць казку пра чарнобыльскае воблака, і стварыць фільм.
На выставе ў музеі гісторыі Гомеля ўвазе наведвальнікаў будзе прапанаваны вынік работы аматарскага аб'яднання "Радзімічы" Бяляеўскай сельскай бібліятэкі Чачэрскага раёна. Удзельнікамі аб'яднання былі створаныя ілюстрацыі ў тэхніцы выцінанкі да казкі.