Супраць Беларускай АЭС рыхтуюць "эканамічныя санкцыі"
У Літве прагучала прапанова "дадаткова абкласці падаткамі электраэнергію, якую вырабляюць АЭС, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі".
У эфіры тэлеперадачы "Жаркий вечер" на літоўскім тэлеканале БТВ дарадца прэм'ер-міністра Літвы Віргіс Валянцінавічус заявіў, што "трэба дадаткова абкласці падаткамі электраэнергію, якую вырабляюць АЭС, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі". Чыноўнік удакладніў, што мае на ўвазе АЭС, "якія збіраюцца будаваць суседзі".
Ягоная логіка простая: на атамных электрастанцыях Еўрасаюза выконваюцца жорсткія патрабаванні бяспекі, адпаведна іх электраэнергія каштуе даражэй, чым на станцыях, якія "эканомяць" на бяспецы.
"ЕС ясна мусіць сказаць, што такую электраэнергію не будзе купляць. І калі паглядзіш на аналізы бяспекі, уздзеяння на навакольнае асяроддзе, там шмат незразумеласцяў: ні беларускі, ні расійскі бок не прытрымліваюцца працэдуры, як прадстаўляць праекты суседнім краінам, як адказваць на пытанні і г.д.", — перадае словы Валянцінавічуса Delfi.