Спецслужбы Літвы падрыхтавалі справаздачу па Беларускай АЭС
Свае высновы яны падалі парламенцкаму Камітэту па нацыянальнай бяспецы і абароне.
Кіраўнікі дэпартамента дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы і Другога дэпартамента аператыўных службаў пры Мінабароны падалі парламенцкаму Камітэту па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБО) справаздачу пра АЭС у Беларусі і Калінінградскай вобласці РФ, якія будуюцца або плануюцца да будаўніцтва.
Прадстаўнік партыі працы Валянцінас Мазуроніс у сваім каментары з нагоды справаздачы сказаў: "Я лічу, што кіраўнікам нашай краіны, міністру энэргетыкі, прэм'еру варта было б рэагаваць на гэтыя рэчы значна больш сур'ёзна, чым цяпер у публічнай прасторы".
Старшыня КНБО Арвідас Анушаўскас заявіў, што на аснове атрыманай інфармацыі неабходна прымаць палітычныя рашэнні.
Намеснік міністра энэргетыкі Літвы Ромас Шведас лічыць, што Расія выкарыстоўвае праект пабудовы беларускай АЭС у палітычных мэтах. У артыкуле брытанскай газеты The Financial Times ад 29 сакавіка аб праблемах энэргетычнай галіны Літвы ён заявіў: "Яны выкарыстоўваюць гэта ў палітычных мэтах, каб дамінаваць у рэгіёне", перадае ІА REGNUM.