Навукоўца: Я не ўпэўнены, што іншыя АЭС вытрымалі б землятрус, як у Японіі

У Японіі працягваюць змагацца з наступствамі землятрусу: на АЭС "Фукусіма 1" 14 сакавіка  здарылася аварыя на трэцім энергаблоку. 15 сакавіка адбыўся выбух на другім рэактары, а на чацвёртым распачаўся пажар. Пры гэтым планы па будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Беларусі застаюцца непахіснымі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, у чым будзе палягаць адрозненне Астравецкай АЭС ад японскіх і якія тэхналогіі будуць ужытыя для бяспекі насельніцтва.


На беларускай АЭС, акрамя актыўнай, будзе дзейнічаць яшчэ і пасіўная сістэма бяспекі рэактара, якой не было ў Японіі. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў навуковы кіраўнік Інстытута энергетыкі НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч.


Аляксандр Міхалевіч:Расійскі рэактар будзе абсталяваны пасіўнай сістэмай бяспекі рэактара, бо любы рэактар мае сістэму аварыйнага ахалоджвання. Актыўная сістэма прадугледжвае незалежнае аварыйнае расхалоджванне. Але там маюцца насосы, якія прыводзяцца ў дзеянні электрычнасцю. А пасіўная сістэма заснаваная на фізічных законах, на натуральнай цыркуляцыі”.


Дарэчы, прыдумалі такую сістэму не дзе-небудзь, а ў беларускім інстытуце ядзерных даследаванняў “Сосны”, працягвае эксперт.


Аляксандр Міхалевіч: “У "Соснах" доўгі час гэтым займаліся. Тое, што прынятае ў праектах новых расійскіх АЭС, заснавана на выніках, якія атрыманыя ў Беларусі, у інстытуце ядзернай энергетыкі. Гэтыя даследаванні ўзначальваў Леанід Калыхан. Мы працавалі ўжо пасля распаду СССР паводле дамоваў з Расіяй”.

 
Беларускую АЭС, як вядома, будуць будаваць па расійскіх тэхналогіях. Аднак на расійскіх АЭС будзе выкарыстоўваецца такі ж рэактар карпуснога тыпу, як і ў Японіі, упэўнены эколаг, фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.


Андрэй Ажароўскі:“Рэактар таксама карпуснога тыпу. Ён іншага тыпу: там вада пад большым ціскам знаходзіцца. Але такім жа чынам можа адбыцца страўленне радыеактыўнай пары, такім жа чынам на цырконіевых трубачках можа адбыцца радыёліз вады, раскладанне вады на кісларод і вадарод, і такім жа чынам можа адбыцца выбух вадароду”.

 
Акрамя таго, эколаг сцвярджае, што дакумент па ўздзеянні будучай АЭС на навакольнае асяроддзе так і не быў дапрацаваны. Хаця аб гэтым гаварылася яшчэ ў сакавіку 2009 года на грамадскіх слуханнях па тэме будаўніцтва АЭС.


Андрэй Ажароўскі: “На дадзены момант існуе каля 5 версій дакумента "Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе". Ні ў адным дакуменце не даецца адэкватная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Яны ўсе падобныя. Гаворыцца, што ніякай аварыі быць не можа, а калі яна адбудзецца, то ніякіх наступстваў у радыусе больш як 3 кіламетры быць не можа. А зараз у Японіі мы бачым, што наступствы там вялікія”.


І калі ў Японіі людзей эвакуявалі пры першых прыкметах непаладак на АЭС — беларускі план наогул не прадугледжвае эвакуацыі, кажа Ажароўскі.


Дарэчы, нягледзячы на сённяшнія падзеі, на думку навуковага кіраўніка інстытута энергетыкі Акадэміі навук Беларусі, найбольш бяспечныя АЭС — японскія.


“Калі гаварыць пра сучасны падыход, з майго пункту гледжання, я б аддаў перавагу па надзейнасці японскім станцыям. Як ні парадаксальна гэта гучыць. Я не ўпэўнены, што іншыя станцыі вытрымалі б такі землятрус, які адбыўся ў Японіі”, — патлумачыў Еўрарадыё Аляксандр Міхалевіч.

Фота:i079.radikal.ru