На АЭС у Японіі адбыўся чарговы выбух і выкід радыяцыі (відэа)

Пажар на чацвёртым рэактары АЭС "Фукусіма-1" патушаны, паведамляе агенцтва Кіодо са спасылкай на кампанію Tokyo Electric Power.

З-за пажару адбыўся выкід радыяцыі, сказаў прэм'ер-міністр Японіі Наото Кан у экстраным тэлезвароце да народа і заклікаў насельніцтва, якое пражывае ў радыусе ад 20 да 30 кіламетраў ад станцыі, не пакідаць свае дамы і зачыніць вокны і дзверы.

На першым і трэцім рэактары АЭС "Фукусіма-1" адбыліся выбухі вадароду, у выніку якіх была знесена верхняя частка будынка блока, але рэактар і яго ахоўная абалонка не пацярпелі.

На другім блоку адбыўся выбух у аўторак. Гэты выбух пашкодзіў басейн-барбацёр - рэзервуар усярэдзіне ахоўнай абалонкі рэактара, які змяшчае халодную ваду для кандэнсацыі пары, што ўтвараецца пры спрацоўванні сістэмы аварыйнай абароны. У выніку выбуху павялічыўся радыяцыйны фон у прэфектуры Фукусіма і суседняй Ібаракі.