Літва: Ацэнка ўздзеяння АЭС на наваколле не адпавядае міжнародным нормам
За два гады справаздача па ацэнцы ўздзеяння беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе патаўсцела на 35 старонак.
Беларускаму амбасадару ў Літве ўручылі “атамную” ноту пратэсту з прэтэнзіямі наконт Ацэнкі ўздзеяння будучай АЭС на навакольнае асяроддзе.
У Беларусі ж лічаць, што праблем у дакуменце па ўздзеянні АЭС на асяроддзе няма. Маўляў, адзінае, што не задавальняе літоўцаў, — адлегласць да іх мяжы. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў начальнік упраўлення экалагічнай экспертызы Мінпрыроды Аляксандр Андрэеў.
Аляксандр Андрэеў: "Хто можа каму закрыць рот!? Літва мае права выказаць сваё меркаванне. Іх пярэчанне супраць Астравецкай пляцоўкі, а не супраць дакумента па ўздзеянні на наваколле. Іх пытанне абурацца, нашае — рабіць так, як неабходна нашай краіне".
Пры гэтым у МАГАТЭ, паводле Андрэева, да дакумента ніякіх прэтэнзій няма.
Спрэчкі вакол справаздачы па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе ўзніклі яшчэ ў 2009 годзе, пачынаючы з грамадскіх абмеркаванняў у Астраўцы. Тады дакумент абяцалі дапрацаваць. Паводле Аляксандра Андрэева, дапрацаванае прадставілі ўсім краінам месяц таму.
Аляксандр Андрэеў: "У частцы ўздзеяння ён нічым не адрозніваецца ад папярэдняга. Дакумент больш поўны. Ён дае дадатковую інфармацыю, тлумачэнні паводле пытанняў, якія нам задавалі падчас кансультацый. Але ў частцы параметраў уздзеяння ўсё на тым жа ўзроўні".
Як падлічыла Еўрарадыё, дакумент, што выносіўся на абмеркаванне ў Астраўцы, меў 131 старонку. У дапрацаваным варыянце іх налічваецца 167.
На думку эколага, фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, калі гэты дакумент дапрацаваць належным чынам, то ён наўпрост не задаволіць атамшчыкаў.
Андрэй Ажароўскі: "Ад таго, што дакументаў, якія адрозніваюцца назвай, шмат, яны не сталі больш адэкватна ацэньваць небяспеку АЭС. Калі б была зроблена нармальная ацэнка, стала б відавочна, што ад гэтага трэба адмаўляцца. Дакумента, які б усіх задаволіў, проста не можа быць. Калі сказаць праўду, гэта не задаволіць атамшчыкаў. Калі хлусню — не задаволіць ні экспертаў, ні насельніцтва".
Літоўскі ж бок лічыць, што ацэнка ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе незакончаная. Пра гэта Еўрарадыё заявіў супрацоўнік МЗС Літвы Міндоўгас Лашас.
Міндоўгас Лашас: "Беларусь не праводзіла ацэнку ўздзеяння на наваколле сваёй АЭС у адпаведнасці з міжнароднымі прававымі нормамі, не арганізоўвала публічных слуханняў гэтага праекту ў Літве і двухбаковых кансультацый між Літвой і Беларуссю, як таго патрабуе канвенцыя ЭСПО".
Падрабязней азнаёміцца з новай версіяй справаздачы па ацэнцы ўздзеяння АЭС на наваколле можна на сайце дырэкцыі будаўніцтва АЭС.
Фота: www.ne.anl.gov