Эколагі папрасілі Мядзведзева не даваць грошы на беларускую АЭС
Яны называюць праект недаробленым і тэхнічна недасканалым.
Расійскія і беларускія эколагі напісалі ліст расійскаму прэзідэнту. Яны папрасілі Дзмітрыя Мядзведзева, каб Расія не давала грошы на пабудову ў Беларусі атамнай электрастанцыі.
У гутарцы з Еўрарадыё расійскі эколаг Уладзімір Слівяк з групы "Экозащита" паведаміў, што лічыць праект беларускай АЭС недаробленым і тэхнічна недасканалым.
Слівяк: "Як вынік, калі такі праект рэалізаваць, ён будзе небяспечны для Беларусі і для Расіі. Калі адбудзецца аварыя, выкід радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе, то пацерпіць не толькі Беларусь, але і сумежныя дзяржавы. І мы лічым, што ў такіх умовах вылучаць сродкі на праект было б няправільна, вельмі небяспечна. І, безумоўна, мы звярнулі ўвагу расійскага прэзідэнта і на тое, што працэдура прыняцця рашэння па будаўніцтве гэтай атамнай станцыі праходзіла, мякка кажучы, недэмакратычным шляхам — было шмат парушэнняў, прыцісканне экалагічных арганізацыяў, парушэння заканадаўства Беларусі"
Па словах эколага, падпісанты ліста не ведаюць, ці пачуе іх голас Дзмітрый Мядзведзеў. Але тым не менш, яны бачаць неабходнасць менавіта ў такім звароце. Бо сам праект, кажа Слівяк, найперш палітычны, а не эканамічны
Слівяк: "Праект, канечне ж, распачаты расійскай уладай, каб падтрымаць прэзідэнта Лукашэнку і працягваць паказваць, што расійскае кіраўніцтва падтрымлівае беларускае кіраўніцтва. А гэта вельмі кепская ідэя, калі гаворка вядзецца пра атамную станцыю. З аднаго боку, ажыццяўляецца палітычная падтрымка, а з іншага боку — патрабаванні па ядзернай бяспецы перастаюць мець якую-небудзь актуальнасць. Наўрад ці магчыма ў гэтай сітуацыі разлічваць на тое, што нехта прыме рашэнне не будаваць гэтую атамную станцыю, бо яна небяспечная".
У якасці перасцярогі эколагі прыводзяць такі факт:
Слівяк: " Напрыклад, "Росатом" пабудаваў атамную станцыю ў Кітаі. У той момант, калі адбываліся пастаўкі абсталявання, кітайскі бок быў вельмі незадаволены якасцю пастаўленага абсталявання і склаў спіс прэтэнзій прыкладна з 3300 пунктаў па якасці абсталявання. Як вынік, пасля запуску атамнай станцыі праз месяц яе прйшлося спыняць і пасля цягам многіх месяцаў рамантаваць. Амаль гады яе рамантавалі".
На хуткі адказ ад кіраўніцтва Расіі эколагі не спадзяюцца. Калі адказ будзе, кажа Слівяк, то эколагі працягнуць перапіску з чыноўнікамі. Калі ж адказу не будзе, то актывісты паспрабуюць іншыя метады.
Слівяк: "Тое, што мы робім, з'яўляецца загадзя запланаванай стратэгіяй. Мы на розных узроўнях звяртаемся да розных чыноўнікаў. Гэта і палітычныя чыноўнікі — першыя асобы, але таксама і людзі, рангам ніжэйшыя, якія адказваюць за такія пытанні, як ядзерная бяспека, уплыў на навакольнае асяроддзе. Мы спрабуем у розныя інстанцыі звяртацца, з рознымі людзьмі размаўляць".
Эколагі спадзяюцца, што перамоўніцткія магчымасці яшчэ не вычарпаныя і ім удасца спыніць будаўніцтва беларускай АЭС.
Фота: photokaravan.com