Ці гатовыя ў Беларусі да стратаў ад магчымай аварыі на АЭС?
Пасля падпісання пагадненняў з Расіяй аб будаўніцтве беларускай АЭС распачынаецца кампанія па абгрунтаванні выгоднасці гэтага праекта.
"У плане тэхналагічнага і інавацыйнага рыўка будаўніцтва АЭС выгаднае як Расіі, гэтак і Беларусі", — заявіў сёння загкафедрай міжнародных адносінаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Сяргей Кізіма, перадае БЕЛТА.
Між тым, надзвычайная сітуацыя, што складаецца ў ядзерным сектары, прымушае Еўрасаюз карэктаваць палітыку ў галіне атамнай энергетыкі. Новыя ўзроўні рызыкі прымушаюць па-іншаму ацэньваць і эканамічную эфектыўнасць АЭС. На гэтую тэму сёння выказаўся дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Зігмантас Бальчыціс, які ўваходзіць у камітэт энергетыкі і навуковых даследаванняў ЕП.
На ягоную думку, атамная энергетыка неаб'ектыўна лічыцца самым танным відам энергіі. У кошт не ўключаныя выдаткі па закрыцці станцыі, па захаванні адкідаў ядзернага паліва, а таксама выдаткі па ліквідацыі наступстваў верагоднай аварыі. Як паказаў досвед Японіі, ад апошняга заракацца нельга. Бальчыціс падкрэсліў, што калі ўключыць гэтыя рызыкі ў канчатковую цану па будаўніцтве АЭС, то атамная энергетыка апынецца вельмі дарагой. Палітык лічыць, што Еўрасаюз, пераглядзеўшы сваё стаўленне да атамнай энергетыкі, мусіць павярнуцца тварам да новых тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі, перадае ІА REGNUM.