Беларуская АЭС не абавязаная праходзіць еўрапейскія стрэс-тэсты
Еўрапарламент адхіліў рэзалюцыю аб бяспецы атамнай энергетыкі, якая патрабуе, акрамя іншага, правядзення стрэс-тэста Беларускай АЭС.
7 красавіка Еўрапарламент адхіліў рэзалюцыю аб бяспецы атамнай энергетыкі, у праекце якой надавалася ўвага і праектам атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці. За праект рэзалюцыі прагаласавалі 264 еўрапарламентарыі, 300 былі супраць, 61 устрымаўся.
Прэс-служба парламента інфармуе, што розныя фракцыі не прыйшлі да адзінага меркавання па пытанні, ці мусяць запланаваныя стрэс-тэсты АЭС у Еўрасаюзе быць абавязковымі, а таксама ў прапанове аб'явіць мараторый на новыя праекты атамнай энергетыкі, перадае Delfi.
Як вядома, адным з ініцыятараў гэтай рэзалюцыі была Літва, якая дамагаецца, каб стрэс-тэсты прымяняліся не толькі да атамных электрастанцый на тэрыторыі ЕС, але і ў суседніх краінах. Так меркавалася прымусіць расіян і беларусаў прытрымлівацца міжнародных патрабаванняў бяспекі.