БДУ засяляе толькі 66 адсоткаў першакурснікаў
Для студэнтаў-замежнікаў месца ў студгарадку ў 10 разоў даражэй, чым для беларусаў.
Еўрарадыё вырашыла даведацца каму прасцей засяліцца ў інтэрнат, і хто плаціць за жыллё болей замежнікі ці беларусы.
“Для першага курса, для слухачоў факультэта даўніверсітэцкай адукацыі, для студэнтаў, якія вучацца па междзяржаўным дамовам мы забяспечваем на 100%. Для астатніх – па мажлівасці", - распавядае супрацоўнік БДУ пра засяленне замежнікаў у інтэрнат.
Сёння ў БДУ навучаецца больш за тысячу замежнікаў. А месцаў у інтэрнатах толькі 6 тысяч.Сёлета ва ўніверсітэта з’явіўся адзін новы інтэрнат, але два іншых зачыніліся на рамонт.
Для беларусаў засяліцца ў інтэрнат складаней. Трэба мець ільготы: быць лаўрэатам спецфонда, мець бацькоў - ліквідатараў аварыі на ЧАЭС ці бацькоў-інвалідаў. Здараецца, што нават не ўсе льготнікі трапляюць у інтэрнат.
Як даведалася Еўрарадыё, БДУ засяляе толькі 66 адсоткаў першакурснікаў. Кошты на месцы ў інтэрнаце таксама адрозніваюцца. За пакой у інтэрнаце БДУ замежнік заплаціць каля 30 долараў. Беларус – каля 15 тысяч.
У інтэрнат БНТУ засяляюць усіх замежнікаў без выключэння.
“Аплата беларускіх студэнтаў за інтэрнат на сёння – гэта смешныя грошы. Што тычыцца студэнтаў-замежнікаў будуць плаціць па поўнай праграме. Блізу 100 долараў у месяц. Карацей, блізка да кватэры”.
Замежных грамадзян у БНТУ – каля тысячы. А месцаў у інтэрнаце - 7, 5 тысяч.
У БДУІРы замежных студэнтаў меней – толькі 350 чалавек. Праўда, сёлета могуць прыехаць вучыцца 100 студэнтаў з Нігерыі.
“Мы засяляем усіх замежных студэнтаў. Наш студэнт плаціць за інтэрнат 15 тысяч. Замежнік – каля 30 долараў”, - прызнаецца рэктар БДУІра Міхаіл Батура.
Студэнт з Беларусі можа разлічваць на месца, калі мае ільготы. Месца атрымае толькі кожны чацверты студэнт БДУІРа. Бо інтэрнаты разлічаныя на 2,5 тысячы студэнтаў.
Студэнтам-платнікам трэба адразу разлічваць на дадатковыя выдаткі на жыллё.
“Пакоі ад 60, кватэры ад 150 долараў у месяц”, - кажуць у агенцтве, якое дапамагае зняць жыллё.
Атрымліваецца, ў год вучоба даражэе на 1,5 тысячы долараў за кватэру, ці ў раёне 600 за пакой. Такія грошы студэнт аддае за жыллё за навучальны год, калі не жыве ў інтэрнаце.
Калі студэнта засяляюць у інтэрнат гэтая лічба змяншаецца ў разы. За навучальны год давядзецца аддаць толькі 150 тысяч рублёў.
Фота: kp.by