Рэкі на Палессі мялеюць да крытычнага ўзроўню

На Палессі мялеюць рэкі / Белгідрамет
На Палессі імкліва мялеюць рэкі. Згодна з назіраннямі Белгідрамета, на беларускіх рэках апошнімі днямі фіксаваўся спад узроўню вады. У выніку на Сожы каля Слаўгарада ўзровень вады апусціўся ніжэй за адзнаку, якая лімітуе суднаходства, а на Дняпры каля Жлобіна — дасягнуў яе, піша "Флагшток".
Гэта надзвычайная сітуацыя, бо ў красавіку — сярэдзіне траўня, як правіла, узровень вады ў рэках дасягае максімальнай вышыні пасля вясновай паводкі. Да крытычнага для суднаходства ўзроўню паказчыкі апускаюцаа пад канец лета — пачатак восені. Цяпер жа неспрыяльныя ўмовы для рачнога транспарту складаюцца яшчэ да пачатку лета. І наўрад ці сітуацыю выправяць дажджы, якія прагназуюцца на бліжэйшыя дні.
Па стане на 15 траўня спад узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1-8 см за суткі назіраецца на Дняпры, Бярэзіне, Сожы, Прыпяці. Неспрыяльныя ўмовы для рачнога транспарту фіксуюцца на Дняпры каля Магілёва і Жлобіна, на Бярэзіне каля Бабруйска і Светлагорска, на Сожы каля Слаўгарада.
Гомельаблгідрамет адзначае, што на Бярэзіне каля Светлагорска ўзровень вады апусціўся ніжэй за адзнаку, якая парушае працу рачнога транспарту, а на асобных участках рэк фіксуецца развіццё расліннасці ля берагоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.