Справа ў замежных агентах? Чаму беларусы могуць мець праблемы з уездам у Грузію
Грузінскі парламент / Еўрарадыё
Заснавальніку беларускай дыяспары ў Аджарыі Яўгену Гацаку не дазволілі вярнуцца ў Грузію. Ён ездзіў у Турцыю, каб атрымаць права на знаходжанне ў Грузіі на наступны год. Забарона на ўезд — адгалоскі закона аб замежных агентах, які спрабавалі прыняць грузінскія ўлады. Верагодней за ўсё, выпадак Гацака будзе не адзінкавым, лічыць праваабаронца Раман Кісляк.
Еўрарадыё даведалася, чаму беларусы рызыкуюць не вярнуцца ў Грузію, калі выязджаюць адтуль.
“З мэтай нацыянальнай бяспекі”
Раман Кісляк адзначае, што ўжо была сітуацыя, калі сям'і беларусаў не дазволілі застацца ў Грузіі. Аднак тады гэта не было звязана з грамадскай актыўнасцю.
— Раней падобнае было ў дачыненні да ўкраінскіх актывістаў, расійскіх. Мы робімся ахвярай заканадаўства Грузіі. З аднаго боку, яно досыць ліберальнае, таму што дазваляе грамадзянам Беларусі знаходзіцца ў Грузіі 365 дзён на год. Не трэба ні рэгістрацыі, ні ВНЖ. Трэба проста выехаць за мяжу і ўехаць — зрабіць "візаран". Рэдка нехта падаецца на прытулак, паколькі гэта мала што прыносіць у выглядзе профітаў. Некаторыя спрабуюць атрымаць ВНЖ, але гэта таксама не гарантыя — могуць пазбавіць. Таму большасць знаходзіцца ў такой сітуацыі. Пры паездцы па пакупкі ў Турцыю ці пры "візаране" ёсць рызыка не заехаць назад.
Праваабаронца мяркуе, што праблемы ў Гацака ўзніклі праз ягоную актыўнасць.
— Па-мойму, гэта не звязана ні з чым іншым, акрамя таго, што ён з'яўляецца заснавальнікам дыяспары. Мы гэта ўспрымаем як ціск на грамадзянскую супольнасць беларускую, якая стала часткай грузінскай.