Раскол паміж беларусамі расце? Абмяркоўваем даследаванне Сhatham House

Раскол паміж беларусамі расце? Абмяркоўваем даследаванне Сhatham House

Кантакты паміж групамі і людзьмі, якія падтрымліваюць розныя ідэалагічныя прынцыпы, зведзеныя да мінімуму. Таму, знаходзячыся ўнутры Беларусі, на побытавым узроўні даволі цяжка адзначыць паглыбленне сацыяльнай напружанасці, лічыць палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў.

Гэтую думку ён выказаў, каментуючы вынікі даследавання грамадскай думкі, якое ў лістападзе праводзіў Сhatham House. Даследаванне прадэманстравала рост сацыяльнай напружанасці ў Беларусі. Амаль усе, хто паўдзельнічаў у апытанні, лічаць, што напружанасць існуе. І кожны пяты называе сітуацыю катастрафічнай.

“Курс на задушэнне быў паслядоўным, застаецца паслядоўным. Натуральна, што ў такіх умовах раскол можа толькі паглыбляцца. Нават калі хтосьці гатовы зрабіць крок насустрач, ён не будзе заўважаны. Не бачна, за кошт чаго гэты трэнд можа змяніцца”, — кажа Кузняцоў.

Ён называе канстатацыю гэтага расколу адным з самых важных вынікаў даследавання.

“Пасля перыяду рэпрэсій мы знаходзімся на тым пункце, дзе пазіцыі бакоў дакладна акрэсліліся, людзі сваіх пазіцый не зменяць. Пры існуючай сітуацыі той спосаб дзеяння, які абіраюць улады, вядзе толькі да паглыблення расколу і павелічэння ўзаемнай непрыязнасці”.

Глядзіце поўную версію размовы з Пятром Кузняцовым

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.