Расійскія вытворцы камбайнаў скардзяцца на беларускіх канкурэнтаў

Камбайн, ілюстрацыйнае фота

Камбайн, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У першым квартале 2025 года ў Расіі на траціну знізіліся продажы мясцовай сельскагаспадарчай тэхнікі.

У грашовым выражэнні продажы абваліліся да 38,3 млрд рублёў — гэта на 32,9% менш, чым за такі ж перыяд мінулага года, падлічылі ў профільнай асацыяцыі "Расспецмаш". Як піша выданне Moscow Times, найбольшыя зніжэнні зазналі продажы збожжаўборачных камбайнаў і сельскагаспадарчых трактароў — іх прадалі менш на 58,3% (да 437 шт.) і 39% (да 709 шт.) адпаведна. Таксама наніз пайшлі продажы кормаўборачных самаходных камбайнаў (-32,4%), апырсквальнікаў (-30%), зернеачышчальных машын (-25,3%), барон (-20,3%), культыватараў (-17,4%), жняярак (-13,2%), плугоў (-13%) і сеялак (-4,5%).

У "Расспецмашы" называюць шэраг фактараў, якія ўплываюць на зніжэнне продажаў. Гэта высокая ключавая стаўка ў 21%, нізкая даходнасць аграрнага бізнесу, недастатковыя меры дзяржпадтрымкі машынабудаўнікоў і фермераў. Таксама расіяне скардзяцца на больш выгадныя ўмовы ў канкурэнтаў з Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.