Расійскія ракеты, каб атакаваць Украіну, праляцелі над Гомельскай вобласцю
Расійскія ракеты праляцелі над Гомельскай вобласцю / "Флагшток"
Уночы з 26 на 27 красавіка некалькі расійскіх ракет прайшлі праз паветраную прастору Беларусі. На паведамленні ўкраінскіх маніторынгавых каналаў пра гэта звярнуў увагу "Флагшток".
У адпаведнасці з інфаграфікай Monitor, ракеты пераадолелі ў паветранай прасторы Беларусі ад 19 да 24 км. Канал Український Енот у публікацыі ад 27 красавіка пракаментаваў інцыдэнт: "Што яшчэ цікавага — частка ракет тыпу Killjoy (Х-47М2 "Кінжал") праляцела над тэрыторыяй Беларусі, што зрабіла немагчымым іх своечасовае выяўленне сродкамі СПА і знішчэнне".
Аналітыкі атрымалі гэтыя даныя з сістэм СПА Украіны. Першы пуск быў перад поўначчу 26 красавіка, наступныя пускі былі 27 красавіка пасля 5 гадзін раніцы.
Пры гэтым інфармацыі пра пускі ракет СПА з месцаў базіравання ў Гомельскім, Ельскім і Мазырскім раёнах Беларусі 26-27 красавіка не паступала. З гэтага можна зрабіць выснову, што супрацьпаветраная абарона Беларусі не змагла адрэагаваць на з'яўленне ракет над сваёй зонай адказнасці або свядома не рэагавала.