Расійскі ўдарны дрон упаў уначы ў цэнтры Хойнікаў

Дрон, ілюстрацыйнае фота

Дрон, ілюстрацыйнае фота / SIPA/Scanpix/LETA

Уначы 9 лютага ў цэнтры Хойнікаў (Гомельская вобласць) зваліўся расійскі ўдарны дрон. Пра гэта піша "Флагшток", спасылаючыся на відавочцаў здарэння.

Адзін з відавочцаў расказаў, што дрон упаў у раёне райвыканкама прыкладна ў 3:30 ночы. Пры гэтым беспілотнік ледзь не пацэліў у жылы пяціпавярховік №3 па завулку Катоўскага: "Ляцеў дзесьці з боку паўночнага ўсходу. Упаў амаль у пяціпавярховік. Увесь дом эвакуявалі, засялілі ў гатэль. Бліжэйшыя крамы днём зачынілі. Пасля абеду дрон вывезлі і ўзарвалі. Увесь горад на вушах. Кучу міліцыі нагналі, у тым ліку АМАП".

Іншая крыніца таксама паведаміла, што зранку тэрыторыю каля выканкама ачапілі, прыбылі сапёры, МНС і міліцыя.

Дакладная мадэль беспілотніка, які зваліўся ў Хойніках, невядомая. Хутчэй за ўсё гэта была найбольш распаўсюджаная мадэль, якую Расія прымяняе для удараў па Украіне — дрон тыпу Shahed-136 (Герань-2). Таксама гэта мог быць расійскі дрон-падманка Гербера — ён не мае выбухоўкі і служыць для перагрузкі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

Побач з месцам падзення беспілотніка размяшчаецца музычная школа. Журналіст "Флагштока" затэлефанаваў туды ад імя бацькі і спытаў, ці бяспечна сёння адпраўляць дзіця на заняткі. У музычнай школе адказалі: "Вядома, учора ўжо ўсё прыбралі, усё добра".

Афіцыйнага паведамлення пра падзенне дрона ў Хойніках не было.

Уначы 9 лютага Расія масава атакавала Украіну ўдарнымі беспілотнікамі. Частка дронаў трапіла на тэрыторыю Беларусі. Паветраныя сілы Украіны заўлялі, што ўначы 9 лютага Расія запусціла па Украіне 151 Шахед, 70 дронаў былі збітыя.

Дарэчы, жыхары Хойніцкага раёна прасілі ўлады пра абарону навучальных устаноў ад залётных дронаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Смірноў заявіў, што такой неабходнасці няма. 

Расійскі ўдарны дрон упаў уначы ў цэнтры Хойнікаў
Месца падзення беспілотніка ў цэнтры Хойнікаў / Флагшток
Расійскі ўдарны дрон упаў уначы ў цэнтры Хойнікаў
Месца падзення беспілотніка ў цэнтры Хойнікаў / Флагшток

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.