Расіянін незаконна вёз у Беларусь карціны, занізіўшы іх кошт у 25 разоў
Карціны, якія вёз з Літвы расіянін / Мытны камітэт
У 25 разоў занізіў грамадзянін Расіі кошт карцін, якія ўвозіў на тэрыторыю ЕАЭС, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.
Мужчына ехаў з Літвы праз пункт пропуску "Каменны Лог". У дэкларацыі ён заявіў пра часовы ўвоз аўто і пра тое, што дзве набытыя ў Літве карціны каштуюць 800 еўра.
Гродзенскія мытнікі, аднак, не паверылі расіяніну. Праверка паказала, што рэальная сума за карціны складае 19 тысяч еўра. Заніжаючы іх кошт, мужчына спадзяваўся на ніжэйшыя мытныя плацяжы.
На расіяніна пачалі адміністрацыйную справу. Згодна з рашэннем суда мужчына заплаціць штраф у памеры да 30% кошту незадэклараванага тавару.
Карціны, якія вёз з Літвы расіянін / Мытны камітэт