Расіяне набліжаюцца да Лісічанска — 119-я раніца вайны
Украінскія вайскоўцы ў ваколіцах Севераданецка / Reuters
Расейцы набліжаюцца да Лісічанска, піша раніцай у сераду кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Расійскія вайскоўцы "замацоўваюцца ў населеных пунктах непадалёк, горад абстрэльваюць авіяцыяй".
У Севераданецку працягваюцца вулічныя баі. Расіяне зноў абстрэльвалі ўжо разбураныя масты і двойчы прадпрыемства "Азот". "Гэтым разам пашкоджаная тэрыторыя ачышчальных збудаванняў і адна з прахадных хімічнага аб'яднання", — удакладніў Гайдай.
Паводле яго слоў, цяжка на Папаснянскім кірунку: "Вораг зайшоў у Ташкоўку, што дазволіла яму ўзмацніць агнявое ўздзеянне на іншыя населеныя пункты. Акупанты ўжо замацоўваюцца ва Усцінаўцы, Падлесным і Мірнай Даліне, вядуць наступ на Белую гару. Няпроста нашым байцам трымаць абарону і ў раёне Горнага".
Расійскія войскі паспяхова прасоўваюцца да Лісічанска з поўдня, адзначаюць і ў амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны.
"Гэта расійскі наступ з'яўляецца відавочнай няўдачай для ўкраінскай абароны ў раёне Севераданецк-Лісічанск, але расійскім сілам, каб захапіць Лісічанск, імаверна, спатрэбяцца далейшыя зацяжныя баі — такія, што назіраліся ў Марыупалі і Севераданецку", — пішуць экспэрты Інстытута. Яны таксама звяртаюць увагу на тое, што расіяне пакуль адмовіліся ад фарсіравання ракі ў раёне Севераданецка (ранейшая спроба фарсіраваць Северскі Данец была няўдалай).
У Інстытуце таксама адзначаюць, што расійскія войскі напярэдадні працягвалі атакаваць населеныя пункты ўздоўж аўтамагістралі Лісічанск-Бахмут — каб перакрыць украінцам наземныя лініі сувязі. А вось поспехаў ўздоўж восі Ізюм-Славянск у расіян пакуль няма — усе намаганні сканцэнтраваны на Севераданецку. Затое, мяркуючы па ўсім, расійскія войскі адбілі ўсходні бераг ракі Інгулец недалёка ад мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
Украінскія сілы са свайго боку нанеслі ўдар па расійскіх пазіцыях на востраве Змяіны ў Чорным моры. Пра гэта паведамляе " Громадське "са спасылкай на аператыўнае камандаванне"Поўдзень". Падрабязнасцяў пакуль няма, у камандаванні кажуць, што "ваенная аперацыя працягваецца і патрабуе інфармацыйнай цішыні да яе завяршэння". Там таксама адзначылі, што ў цэлым "у аперацыйнай зоне сіл абароны поўдня Украіны сітуацыя складаная, але кантралюемая".
У Генштабе УСУ сярод іншага сочаць за тым, што адбываецца на мяжы з Беларуссю. Там адзначаюць, што на Валынскім і Палескім "пэўныя падраздзяленні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь сканцэнтраваны на правядзенні разведкі, інжынерным абсталяванні пазіцый і абароне дзяржаўнай мяжы".
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце гаварыў пра сітуацыю на франтах. Пра тое, што самыя жорсткія баі ідуць у Луганскай вобласці, што на поўдні ўкраінскія падраздзяленні паступова вызваляюць Херсоншчыну. Паводле яго ацэнкі, сітуацыя на перадавой — без істотных зменаў.
"Акупанты вельмі сур'ёзна ціснуць і на Данецкім кірунку. На Харкаўшчыне — жорсткія і цынічныя расійскія артылерыйскія абстрэлы. Яны нічога не дадуць акупантам, але расійская армія глуха да любой рацыянальнасці. На поўдні абараняем нашу Мікалаеўшчыну, наша Запарожжа, паступова вызваляем Херсонщину", — сказаў украінскі прэзідэнт.
У ЗША заявілі аб падтрымцы Літвы ў выпадку ўзнікнення пагрозы. Пагрозы з боку Расіі ў адрас Вільні сталі гучаць пасля пастановы Літвы забараніць транзіт па сваёй тэрыторыі санкцыйных тавараў паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй тэрыторыяй РФ.
У гэтай сувязі прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс нагадаў пра 5-ы артыкул Статута NATO, паводле якога напад на адну краіну-чальца Альянсу будзе лічыцца нападам на ўсіх.
"Мы падтрымліваем нашых саюзнікаў па НАТА і падтрымліваем Літву", — падкрэсліў Прайс. Яго папрасілі пракаментаваць заявы расійскіх чыноўнікаў. Прайс сказаў: "Мы не збіраемся спекуляваць адносна расійскага бразгання зброяй і пагроз і нават не хочам даваць гэтаму дадатковы эфірны час".
Украінскія памежнікі гатовыя да ўвядзеньня візавага рэжыму з Расіяй. Пра гэта заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка ў эфіры адзінага тэлемарафона ўкраінскіх тэлеканалаў, піша "Громадське".
Са слоў Дземчанкі, цяпер толькі адзінкі грамадзян Расіі перасякаюць мяжу Украіны і толькі пры важкіх падставах. Ён нагадаў, што да падзей 2014 годзе ва Украіну ў год заязджалі каля 11 мільёнаў расіян. Пасля пачатку канфлікту колькасць уездаў знізілася спачатку да 2,5 млн, а затым і да 1,5 млн чалавек.
Дземчанка таксама адзначыў, што з канца лютага пункты пропуску на мяжы з Расіяй, Беларуссю і на прыднястроўскім участку мяжы з Малдовай зачыненыя. Мяжу з РФ ўкраінскія памежнікі пакуль цалкам не кантралююць. Расіяне штодня абстрэльваюць памежныя раёны Чарнігаўскай і Сумскай абласцей, што значна ўскладняе працу памежнікаў на гэтых участках.