Расіяне атакавалі ўдарнымі дронамі жылы шматпавярховік у Ахтырцы пад Сумамі
Наступствы ўдару па Ахтырцы / ДСНС Сумшчыны
У ноч на 8 снежня расійскія войскі атакавалі Сумскую і Чарнігаўскую вобласці. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на мясцовыя ўлады і ДСНС.
Кіраўнік Сумскай АВА Алег Грыгораў паведаміў, што атаку правялі трыма ўдарнымі беспілотнікамі, прыцэльна ўдарыўшы па грамадзянскай інфраструктуры. Удар быў нанесены па дзевяціпавярховіку ў Ахтырцы, дзе пажар ахапіў кватэры з другога па пяты паверх. Частка жыхароў, пачуўшы пагрозу, паспела спусціцца ў падвал, яшчэ 35 чалавек эвакуявалі ратавальнікі. Таксама яны дэблакавалі з пашкоджаных дамоў семярых чалавек, у тым ліку і дзіця.
Паводле інфармацыі мясцовых уладаў, семярых чалавек даставілі ў бальніцу, двое з іх дагэтуль пад наглядам медыкаў.
У Чарнігаве расійскія дроны таксама пашкодзілі шматкватэрны жылы дом. Пацярпелі тры чалавекі, аднаго з іх шпіталізавалі. У самім будынку пашкоджаныя аконныя канструкцыі і газаправод. Ратавальнікі ліквідавалі ўзгаранне газу.
У ноч на панядзелак расійскія войскі атакавалі ўкраінскія рэгіёны 149 беспілотнікамі — каля 90 "шахедаў", а таксама "герберы" і дроны іншых тыпаў. Сілы абароны Украіны абясшкодзілі 131 з іх.