Расіянам у Чэхіі не дадуць грамадзянства, калі яны не адмовяцца ад пашпарта РФ

Сталіца Чэхіі Прага, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
6 лютага чэшскі прэзідэнт Петр Павел падпісаў закон Lex Ukrajinа, накіраваны на падаўжэнне часовай абароны ўкраінскіх уцекачоў ў Чэхіі. Адзін з пунктаў гэтага закона забараняе даваць грамадзянства Чэхіі расіянам, калі перад гэтым яны не адмовіліся ад пашпарта Расіі.
Раней гэты закон ухваліў Сенат Чэхіі.
Таксама новы закон прыпыняе ўсе бягучыя заяўкі на атрыманне грамадзянства Чэхіі ад расіян, старэйшых за 15 гадоў. Пад гэтае абмежаванне не трапіць невялікая колькасць людзей. У іх ліку — дзеці, малодшыя за 15 гадоў, уцекачы і тыя, хто зрабіў асаблівы ўнёсак у эканоміку або культуру Чэхіі.
Кіраўнік МУС Чэхіі Віт Ракушан раней называў гэтую прапанову часовай і выключнай мерай. "Тут пастаянна пражываюць 25 тысяч расіян, а не адзінкі. Яшчэ больш за 13 тысяч расійскіх грамадзян знаходзяцца ў Чэхіі на падставе іншага дазволу на пражыванне. Чэхія, з гэтым не паспрачаешся, даўно падтрымлівае расійскую грамадзянскую супольнасць. Яна дапамагае тым, хто зазнае пераслед з боку пуцінскага рэжыму, даючы ім прытулак", — прыводзіць Радыё Свабода словы міністра.
Расіяне, якія жывуць у Чэхіі, амбудсмэн Чэхіі ды некаторыя дэпутаты лічаць прыняты закон дыскрымінацыйным. Расіяне звяртаюць увагу, што новыя меры найперш удараць па тых, хто не падтрымлівае пуцінскі рэжым і пакінуў Расію пад пагрозай пераследу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.