Расія скардзіцца на дарагоўлю беларускіх сыроў
Мінсельгасхарч Беларусі павялічыў мінімальныя экспартныя цэны на ўсе віды сыроў на 10 расійскіх рублёў за кілаграм.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на расійскі Нацыянальны саюз вытворцаў малака (Саюзмалако). Гэта пятае павышэнне пасля таго, як Расія ўвяла забарону на ўвоз некаторых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі з ЕС, ЗША і шэрагу іншых краін. У параўнанні з мінулым годам беларускія сыры для Расіі падаражэлі на 20%, заяўляе Саюзмалако.
У Калінінградскай вобласці цэны на беларускія прадукты харчавання пасля ўвядзення прадуктовых санкцый павысіліся на 15-35% у залежнасці ад групы тавараў.
Дарэчы, на нядаўняй прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рост коштаў на беларускія прадукты харчавання ў Расіі адбываецца не па віне Беларусі. "У нас на 5-8% цана вырасла, а ў вас на 30-50%. Але гэта па вашай прычыне, таму не трэба блакаваць пастаўкі прадуктаў харчавання", — сказаў ён. Беларусь, зазначыў Лукашэнка, пастаўляе прадукты харчавання аптавікам, якія потым перапрадаюць яго для гандлёвых сетак, дзе цэны і павышаюцца.
Фота — grodnonews.by