Расія незадаволеная пастаўкамі прадуктаў з Самалі і Нігерыі праз Беларусь

Пастаўшчыкам з Самалі і Нігерыі з 10 жніўня дазволеныя толькі наўпроставыя пастаўкі ў Расію. Адпаведнае паведамленне Рассельгаснагляд размясціў на сваім сайце.
Такое рашэнне тлумачыцца тым, што пастаўкі з гэтых краінаў апошнім часам выраслі. Прычым у Расію яны ідуць складанымі лагістычнымі шляхамі праз краіны ЕС і паступаюць у Расію з фітасанітарнымі сертыфікатамі Беларусі. Спецыялісты Рассельгаснагляду кажуць, што яны так і не атрымалі пацвярджэння сапраўднасці сертыфікатаў. Няма ў іх і звестак пра аб'ёмы вырошчвання і вытворчасць прадукцыі, якая пастаўляецца з Нігерыі ды Самалі.
З гэтай нагоды расійскі бок вырашыў браць пад увагу толькі сертыфікаты непасрэдна з Нігерыі ды Самалі.