Пяскоў лічыць небыліцамі гісторыі "пра расійскіх лялькаводаў у Беларусі"

Дзмітрый Пяскоў / прэс-служба Уладзіміра Пуціна
Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў, што не знаёмы з выказваннямі пра расійскіх лялькаводаў і датычнасць Расіі да пратэстаў у Беларусі. І лічыць такія заявы небыліцамі:
"Мне невядома пра такія выказванні. Напэўна, калі б быў такі дакладны запіс, ён бы, напэўна, быў апублікаваны. Ужо калі розныя небыліцы публікуюцца, то, напэўна, і гэта б апублікавалі. А калі не апублікавалі, значыць, няма такога запісу", — прыводзіць словы Пяскова РІА "Новости".
Яшчэ ў чэрвені пра расійскіх лялькаводаў і іх умяшанне ў беларускія выбары казаў Аляксандр Лукашэнка. І планаваў абмеркаваць гэтае пытанне з Уладзімірам Пуціным.
А на мінулым тыдні старшыня КДБ Іван Церцель на сустрэчы з калектывам завода "Гродна Азот" расказаў пра датычнасць расійскіх лялькаводаў да падзей у Беларусі. Нібыта яны звязаныя з Віктарам Бабарыкам:
"Лялькаводаў расійскіх вы ўбачыце, таварыш Бабарыка пойдзе ў суд, усё гэта будзе галосна і адкрыта".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.