Пяскоў: абвінавачванні з Мінска на адрас расійскіх кампаній галаслоўныя

Пяскоў: абвінавачванні з Мінска на адрас расійскіх кампаній галаслоўныя

Абвінавачванні на адрас расійскіх кампаній з боку Мінска з'яўляюцца галаслоўнымі, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

"Тут, безумоўна, павінна нейкая аргументацыя рушыць услед. Падобныя абвінавачванні на адрас такіх паважаных міжнародных кампаній, безумоўна, яны не могуць быць галаслоўнымі, яны павінны падмацоўвацца нейкімі аргументамі", — перадае РІА "Новости" адказ Пяскова на пытанне журналістаў. Яны цікавіліся, як Масква адрэагуе на заявы афіцыйных беларускіх асобаў, што дзеяннямі прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі кіравалі з Масквы, у прыватнасці з "Газпрама". 

18 чэрвеня экс-кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка быў затрыманы. Яго дапыталі, не дапускаючы адваката, пасля чаго адправілі ў СІЗА КДБ. У гэты ж дзень старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў, што Бабарыка кіраваў супрацьпраўнай дзейнасцю, у выніку якой з Беларусі на азмежныя рахункі было выведзена 430 мільёнаў долараў. 

"Мы ў сваю чаргу ведаем, што лялькаводы, якія стаяць за яго дзейнасцю, асцерагаюцца, што нашы дзеянні прывядуць да атрымання даных і пацвярджэння іх дачынення да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці. Такімі асобамі з'яўляюцца, мы ведаем, вялікія начальнікі ў "Газпраме", а, можа быць, і вышэй", — падкрэсліў Церцель. 

19 чэрвеня з падобнай жа заявай выступіў Аляксандр Лукашэнка: "Маскі сарваныя з пэўных не толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі".

Каментуючы заявы, якія прагучалі ў Мінску, Пяскоў падкрэсліў, што Расія заўжды абараняе інтарэсы сваіх кампаній, асабліва эканамічных гігантаў. "Гэта адзін з прыярытэтаў абароны нашых кампаній, якія працуюць у іншых краінах, у тым ліку і Беларусі", — дадаў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.