Скандальны спартовы функцыянер Баскаў стаў суўладальнікам сеткі дыскаўнтараў
Дзмітрый Баскаў
Суўладальнікам будучай сеткі дыскаўнтараў стаў скандальна вядомы спартовы функцыянер і сенатар Дзмітрый Баскаў.
Як высветлілі расследвальнікі "Бюро", яму належыць 50% акцый фірмы "ДНЦ-Маркет", яшчэ 50% мае малавядомы бізнесовец Анатоль Прыгодзіч. Юрыдычная асоба зарэгістраваная ў лютым 2025 года ў Жодзіне.
"ДНЦ-Маркет" плануе разгарнуць сетку па ўсёй краіне. Цяпер адкрыліся дзве крамы — у Мінску і Жодзіне. Разам з тым кампанія наймае персанал для новых крамаў у Гродне, Пінску, Баранавічах, Бярозе і Маладзечне.
Мяркуючы па ўсім, заўважаюць у "Бюро", новая сетка займае ў тым ліку памяшканні, дзе раней працаваў "Востраў чысціні і смаку". Прынамсі адрас мінскай крамы супадае з адрасам адной з былых крамаў "Вострава чысціні".
Дарэчы, у траўні 2024 года да Анатоля Прыгодзіча, цяперашняга партнёра Баскава, перайшла кампанія "ПрадХімМаркет" — адзін з трымальнікаў кропак сеткі "Востраў чысціні". "Кіберпартызаны" выявілі, што Прыгодзіч каля дзесяці гадоў адпрацаваў на розных пасадах у структурах групы кампаній "Ромакс" — былых уладальнікаў "Вострава чысціні".
Кампанія Баскава і Прыгодзіча "ДНЦ-Маркет" ужо атрымала ліцэнзіі на продаж алкаголю і тытуню. Паралельна яна падала заяўкі на гандлёвыя знакі: "Днц-маркет", "Экономь-ка", "Mister Ludwig", "Крепыш" і "Happy house".
Дзмітрый Баскаў — хакеіст з каманды Аляксандра Лукашэнкі, былы асабісты трэнер Мікалая Лукашэнкі. Ён быў гендырэктарам "Дынама-Мінск", потым — старшынёй Федэрацыі хакея Беларусі, чальцом выканкама НАК.
Яго небеспадстаўна падазраюць у датычнасці да гібелі Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020-га. У 2021-м Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала яго на пяць гадоў за блізкія сувязі з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі і саўдзел у інцыдэнце з забойствам Бандарэнкі.