Пасля даносаў Бондаравай у Мінску зачынілі сувенірную краму

Апячатаныя дзверы "Каляднай крамы"

Апячатаныя дзверы "Каляднай крамы" / тг-канал Бондаравай

Пасля скаргаў прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай у Мінску закрылі "Калядную краму", дзе прадаваліся сувеніры з беларускай тэматыкай.

Цяпер у дачыненні да юрасобы крамы вядуць крымінальна-працэсуальную праверку, паведаміла Бондарава ў сваім тэлеграм-канале. Таксама яна апублікавала фатаздымак апячатаных дзвярэй крамы.

Раней праўладная актывістка абурылася, што ў краме прадаюцца ёлачныя цацкі з партрэтам Ларысы Геніюш. Бондарава абвінаваціла краму ў продажы тавараў "з выявай нацысцкай злачынцы".

На заяву Бондаравай адміністрацыя Савецкага раёна Мінска адказала, што праца "Каляднай крамы" прыпыненая, а памяшканне закрытае з 15 лістапада. У анлайн-каталогу крамы праверка не знайшла шарыкаў з выявай Геніюш.

Ад крамы чыноўнікі запатрабавалі выправіць парушэнні "аб продажы асобных тавараў", выяўленыя падчас праверкі. Да 21 лістапада крама выканала патрабаванне.

Крама зачынялася 16 і 17 лістапада. У яе Інстаграм-акаўнце тады паведамлялася, што крама "часова не працуе па тэхнічных прычынах". Перапынак у працы здарыўся акурат пасля таго, як прапагандысты абурыліся продажам ёлачных шарыкаў з партрэтам Ларысы Геніюш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.