П'яны кіроўца другі раз за два гады выбіў шкло ў службовай машыне ДАІ

"Падчас правядзення следчага эксперыменту, пры якім часова была перакрыта аўтадарога, кіроўца аўтамабіля "Аўдзі 100" не выканаў неаднаразовыя патрабаванні супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі спыніцца і паспрабаваў збегчы. За рулём знаходзіўся 28-гадовы жыхар Брэста, які ў красавіку 2012 года ўжо затрымліваўся за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення”, — паведамляе БелаПАН са спасылкай на начальніцу аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталлю Сахарчук.

Мінулы раз ён аказаў супраціў міліцыянтам, выбіў лабавое шкло і пашкодзіў дзверы аўтамабіля ДАІ. За што быў прысуджаны да 5 месяцаў арышту, штрафу і пазбаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на пяць гадоў. У гэты раз мужчына таксама пачаў супраціўляцца. На яго надзелі наручнікі і пасадзілі на пярэднюю сядушку службовага аўтамабіля. Але нават у такім становішчы затрыманы смог ізноў выбіць нагамі лабавое шкло.

Пры медыцынскім аглядзе ў крыві мужчыны зафіксавана 1,6 праміле алкаголю.