П'яная ўнучка забіла бабулю паленам
Здарэнне адбылося ў Светлагорскім раёне. На 43-гадовую жыхарку вёскі Коўчыцы-1, якая забіла сваю 89-гадовую бабулю, пачалі крымінальную справу.
Як паведамляе БелаПАН, забойства адбылося ўвечары 30 траўня. Жанчына прыйшла ў двор да сваёй бабулі. Паміж імі пачалася сварка: пенсіянерка папракнула ўнучку ў злоўжыванні спіртным. Дарэчы, падчас візіту 43-гадовая жанчына таксама была п'яная. Ад папроку яна разлютавалася, схапіла палена і некалькі разоў стукнула пажылую жанчыну, пераважна па галаве.
Праз нейкі час яна выклікала хуткую дапамогу. Але дапамагчы пенсіянерцы лекары не змаглі: яна памерла на месцы здарэння.
Падазраваную затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Раней яна была судзімая за ўхіленне ад утрымання сваіх дзяцей.
Фота — vg-news.ru