Пуцін "разбурае Расію", заявіў Трамп

Дональд Трамп у Белым доме падпісвае дакументы, 20 студзеня 2025 года

Дональд Трамп у Белым доме падпісвае дакументы, 20 студзеня 2025 года / АР

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, інаўгурацыя якога прайшла напярэдадні, зрабіў першыя заявы і падпісаў першыя ўказы. Ён памілаваў амаль 1500 чалавек, абвінавачаных ва ўдзеле ў беспарадках 6 студзеня 2021-га ў Капітоліі. "Гэтыя людзі — закладнікі", цытуе словы Трампа "Голас Амерыкі".

Дональд Трамп адмяніў шэраг іміграцыйных указаў Джо Байдэна. "Папярэдняя адміністрацыя ўкараніла глыбока непапулярныя, інфляцыйныя, незаконныя і радыкальныя практыкі ў кожнае агенцтва і офіс федэральнага ўрада", — сказаў Трамп, падпісваючы ўказ, які адмяняе дзясяткі папярэдніх указаў Байдэна, уключаючы абарону трансгендэраў.

Уладзімір Пуцін "не вельмі добра сябе адчувае", а Расія страціла ўжо мільён салдат, заявіў прэзідэнт ЗША. Дональд Трамп сказаў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі хоча заключыць здзелку для заканчэння вайны, а Пуцін "разбурае Расію", не заключаючы такога пагаднення. Па словах Трампа, ён хоча паразмаўляць пра гэта з расійскім кіраўніком.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.