Прызначаная дата суда над мазырскімі "рэйкавымі партызанамі"

Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч / spring96.org
Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч / spring96.org

6 снежня ў Гомельскім абласным судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы 34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча. Справу мазырскіх "рэйкавых партызанаў" будзе разглядаць суддзя Алег Харошка, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Мужчын вінавацяць па сямі артыкулах Крымінальнага кодэксу, у ліку ў акце тэрарызму.

Згодна з матэрыяламі справы, Пляшкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу "кактэйляў Молатава" і піратэхніку. Яны планавалі выкарыстаць іх пры нападзе на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Таксама Пляшкун, як паведамлялася, нібыта сам зрабіў "кактэйлі Молатава" і разам з Сельвічам рыхтаваўся наўмысна сапсаваць чыгунку. Відэасюжэт БТ, прысвечаны мазырчукам, сведчыць, што за імі пільна сачылі: у ім паказалі кадры са схаванай камеры ў гаражы, дзе мужчыны абмяркоўваюць свае планы.

Гаворыцца таксама і пра акцыі супраць расійскіх вайскоўцаў. Пляшкун на "экстрэімсцкім" ТГ-канале змясціў  відэафайл з каментарамі пра дату і час перамяшчэння вайсковай тэхнікі, ваенізаваных падраздзяленняў і вайскоўцаў. Потым ён на плоце аднаго з мазырскіх прадпрыемстваў зрабіў "цынічныя малюнкі і надпісы, у якіх даў негатыўную ацэнку жыхарам замежнай дзяржавы", як заяўляла Генпракуратура.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.