Прыхільніцу Лукашэнкі дэпартавалі з Аўстрыі

Драгана Трыфкавіч

Драгана Трыфкавіч / sb.by

З Аўстрыі дэпартавалі генеральную дырэктарку Цэнтра геастратэгічных даследаванняў у Бялградзе (Сербія) і журналістку Драгану Трыфкавіч. Раней яна публічна падтрымлівала рэжым Лукашэнкі, крытыкавала "антырасійскія настроі" ды заходнюю палітыку, піша The Insider.

Пра сваю дэпартацыю расказала сама Трыфкавіч. Перад высылкай жанчына, паводле яе словаў, дзве гадзіны правяла ў паліцэйскім участку.

"Мне паведамілі, што маё імя знаходзіцца ў Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме і што на запыт Грэцыі мне забаронены ўезд у Шэнгенскую зону на тры гады. Раней ніхто мяне пра гэта не інфармаваў. Калі я спытала пра прычыну, мне адказалі, што не ведаюць", — паведаміла Трыфкавіч. 

Яна кажа, што з яе спрабавалі спагнаць штраф 1000 еўра за парушэнне закона і спробу ўезду ў Шэнгенскую зону нягледзячы на забарону, але яна, маўляў, адмовілася.

"Ужылі сілу. Мяне запрасілі на канферэнцыю ў Вене пад назвай "Еўропа без войнаў і санкцый". Сімптаматычна", — пракаментавала журналістка.

У 2024 годзе Трыфкавіч выступала ў Мінску, дзе атрымала прэмію "За мір і правы чалавека". падчас сваго выступу яны крытыкавала заходнія санкцыі, заяўляла пра ўзмацненне цэнзуры і рэпрэсій у Еўропе, пра "антыбеларускую прапаганду".

"Для міжнародных экспертаў Беларусь цікавая як пляцоўка для развіцця супрацоўніцтва, таму што ў Еўропе немагчыма выступіць, вельмі моцны ціск. Вельмі шмат рэпрэсій супраць журналістаў. У Беларусі зусім іншая атмасфера", — казала сербка. Знішчэння ў Беларусі апазіцыйных СМІ і жорсткіх рэпрэсій супраць журналістаў Трыфкавіч не заўважала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.