Беларускі баяцца за сваю бяспеку праз запрашэнне ў краіну 150 тысяч пакістанцаў

Пакістанцы / telegraf.news
Беларусы (і асабліва беларускі) незадаволеныя жаданнем Лукашэнкі запрасіць у краіну 150 тысяч работнікаў з Пакістану. Жанчыны сумняюцца ў сваёй бяспецы. І публікуюць у ціктоку відэа пра гэта.
"Калі прачытала пра стаўленне да жанчын у Пакістане...", — эмацыйна рэагуе адна з іх.
"Вы сур'ёзна думаеце, што жанчыны Беларусі мусяць маўчаць, калі ў краіну ўвозяць 150 тысяч пакістанцаў? — абураецца мастачка, якая цяпер жыве ў Харватыі. — Я лічу, што вельмі малаверагодна, што ўсё гэта будуць належным чынам кантраляваць. Людзі ў ціктоку, асабліва жанчыны, здымаюць відэа пра тое, што трэба хадзіць з пярцовымі балончыкамі. Думаю, і некаторым мужчынам яны патрэбныя.
Увогуле, гаворка ідзе пра здаровы сэнс. Мусіць быць нейкая структура, кантроль, нейкія правілы, паводле якіх яны могуць жыць. Усе ў чаканні нейкага жаху і страху, і загалоўкаў пра згвалтаванні ў медыях".
Такіх ролікаў робіцца ўсё болей і болей.
11 красавіка стала вядома, што Беларусь і Пакістан дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду працоўных мігрантаў. Лукашэнка сказаў, што ў Паўднёвай Азіі ёсць шмат людзей, якія хочуць працаваць у нашай краіне. У выніку дасягнутая "дамоўленасць пра тое, каб забяспечыць ім гэту магчымасць".
А каб спецыялістам з Пакістана было зручна ехаць у Беларусь, паміж Ісламабадам і Мінскам адкрыецца прамое авіяспалучэнне. Улады гатовыя прыняць на працу да 150 тысяч пакістанцаў.
Факты ці стэрэатыпы?
Варта адзначыць, што няма доказаў сувязі міграцыі і росту колькасці злачынстваў: падобнае вывучалася, напрыклад, на досведзе ЗША, і распаўсюджаны стэрэатып навукоўцы абверглі. Больш за тое, некаторыя даследаванні дэманструюць, што ўзровень злачыннасці падае з ростам міграцыі: да гвалту больш схільнае мясцовае насельніцтва.
Такія страхі за бяспеку больш звязаныя са стэрэатыпамі ў грамадстве наконт мігрантаў, замежнікаў, людзей з іншым колерам скуры і рэлігіяй, чым з фактамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.