Пры адмене санкцый ЕС нацыянальныя меры не дадуць такі ж эфект — прэм'ер Літвы

Мяжа Літвы, ілюстрацыйнае фота
Літоўскія нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян і кампаній Беларусі і Расіі не змогуць даць належнага эфекту без падтрымкі Еўрасаюза. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас падчас абмеркавання ў Сейме краіны.
"Калі гэтыя (еўрапейскія) санкцыі не будуць падоўжаныя, будзе складана дамагчыся таго ж эфекту з дапамогай нацыянальных сектаральных санкцый. Нам трэба падрыхтавацца, нам трэба пралічыць, нам трэба ўзважыць, калі такой дамоўленасці не будзе — гэта будзе вельмі нядобра", — перадае Delfi словы кіраўніка літоўскага ўрада.
14 красавіка літоўскія дэпутаты абмяркоўваюць падаўжэнне санкцый супраць Беларусі і Расіі. Тэрмін іх дзеяння заканчваецца 25 траўня. У сейме прапануюць падоўжыць іх яшчэ на год. Тэрмін санкцый ЕС заканчваецца ў ліпені. У Літве выказваюць здагадкі, што ЕС можа не працягнуць сектаральныя санкцыі.
Палуцкас падкрэсліў, што нацыянальныя санкцыі Літвы не змогуць кампенсаваць адмену еўрапейскіх санкцый. "Калі больш не будзе еўрапейскіх санкцый, яны (санкцыі) могуць быць нацыянальнымі, але яны ўсё роўна павінны быць прынятыя хаця б на рэгіянальным узроўні. Гэта значыць, што латышы, эстонцы, палякі, фіны таксама павінны прымаць такія рашэнні. Калі яны не хочуць ці не могуць прымаць такія рашэнні, то Літва, прыняўшы такія рашэнні асобна, не дасягне ніякіх мэтаў, а шкода будзе адчувальнай", — акрэсліў перспектывы літоўскі прэм'ер.
На мінулым тыдні прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа заявіў, што Літва гатовая ўвесці нацыянальныя санкцыі, калі ЕС не падоўжыць цяперашнія абмежаванні. Але, прызнаў ён, эфект ад іх будзе абмежаваным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.