Правасуддзе "копі-пэйст": аналізуем пастановы судоў па справах пасля Дня Волі

Больш за 900 беларусаў сталі ў сакавіку ахвярамі пераследу за тое, што выходзілі на мірныя сходы. Пратэстоўцаў хапалі і судзілі ў розных гарадах. Яскравая рыса такіх працэсаў: абвінавачанне грунтуецца выключна на паказаннях супрацоўнікаў міліцыі.
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала не бачыць у такім правасуддзі нічога дзіўнага. "У законе няма абмежаванняў для сведчання па справе. Работнікі міліцыі могуць быць такімі ж сведкамі, як і іншыя грамадзяне", — заяўляе ён журналістам. Але мяркуючы па тым, што мы бачым у судовых пастановах, усё наадварот. Гэта не міліцыянтам трэба даказваць суду, што іх трэба выслухаць і паверыць, а "іншым грамадзянам" з выказвання Валянціна Сукалы!





Мы вывучылі больш за 50 судовых пастановаў, складзеных беларускімі судамі пасля сакавіцкіх акцый пратэсту. Вось тыповыя цытаты, якімі суд перакрэслівае надзею чалавека на тое, што яго голас хаця б нешта важыць:


"Довады <...> пра тое, што бруднымі словамі ён не лаяўся, не крычаў і грамадскі парадак не парушаў, суд прызнае несапраўднымі, бо яны абвяргаюцца паслядоўнымі тлумачэннямі сведак — супрацоўнікаў міліцыі, якія не супярэчаць адно аднаму, і іх належыць прызнаць сапраўднымі, не давяраць якім у суда падставаў няма".

І так у кожным пратаколе. У кожным мінскім судзе. Часам слова ў слова з тым, што вы толькі што пачулі, часам з невялікімі адрозненнямі. Вось такое "копі-пэйст" правасуддзе.
Часам людзі, затрыманыя падчас акцыяў, самі прыводзяць у суд сведак. У колішняга скрыпача "Крамбамбулі" Аляксандра Хаўкіна іх, напрыклад, было адразу двое. Абодва сведкі распавялі ў судзе, што Хаўкін ні ў чым не вінаваты. 25 сакавіка музыка разам з сябрамі ішоў да машыны, запаркаванай побач з плошчай Якуба Коласа. Але суд у адказ на іх паказанні заявіў наступнае:

"Тлумачэнні Хаўкіна А.В., сведак Маркавец А.П., Бартлава В.Л. пра тое, што Хаўкін А.В. правапарушэнняў не здзяйсняў, суддзя лічыць няслушнымі, бо яны супярэчаць тлумачэнням супрацоўнікаў міліцыі, у сапраўднасці якіх няма сумневаў, бо яны дадзеныя ў звязку з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Супрацоўнікі міліцыі з'яўляюцца незацікаўленымі ў выніку справы асобамі, раней з асобай, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, знаёмыя не былі, у звязку з чым непрыязнага стаўлення да апошняй не маюць".

Даходзіць і да такога, што звонку судовай сістэмы выглядае абсурдным. Суд не хоча прымаць да ўвагі словы чалавека, абвінавачанага ў хуліганстве, бо ацэньвае іх "як сродак абароны". Ну так, тое, што чалавек кажа ў сваю абарону ў судзе, і ёсць "сродак абароны". Але чаму гэта з'яўляецца падставай ігнараваць нечыя словы?


"Довады асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс — <...>, у той частцы, што ён удзелу ў правядзенні дэманстрацыі не браў і лозунгі не выкрыкваў, <...> суд прызнае несапраўднымі і ацэньвае як спосаб абароны".
Пры такім раскладзе ў судзе лепш увогуле нічога не казаць. Не таму, што кожнае вашае слова можа быць выкарыстанае супраць вас, а таму, што ніхто не дасць веры таму, што вы кажаце. Бо ёсць прэзумпцыя даверу, і не да вас, а да міліцыянтаў.
Ацаніць сітуацыю мы папрасілі праваабаронцу з цэнтра "Вясна" Уладзя Лабковіча:

"Вельмі цяжка ўпэўніць суд у неабходнасці выклікаць сведку не з ліку супрацоўнікаў міліцыі, а, так бы мовіць, ад абароны. Але нават калі гэта атрымліваецца, вельмі часта гэтыя паказанні "суд ацэньвае крытычна" — так пішуць у судовых пастановах. Бо ў нас дзейнічае прэзумпцыя даверу да супрацоўнікаў міліцыі — быццам бы яны не заангажаваныя і не маюць матываў ілжэсведчыць на чалавека. Хаця насамрэч яны прадстаўляюць орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, і таму ад пачатку зацікаўленыя ў абвінаваўчым ухіле. Бо яны гэтага чалавека затрымалі".
Такога панятку, як "прэзумпцыя даверу да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў" вы ў беларускім заканадаўстве не знойдзеце. Тым не менш, суддзі кіруюцца ім, разглядаючы справы затрыманых падчас масавых акцыяў.