Праваабаронцы патрабуюць спыніць знішчэнне грамадзянскай супольнасці Беларусі
Беларускія праваабаронцы патрабуюць "спыніць кампанію па знішчэнні арганізацый грамадзянскай супольнасці [Беларусі], па запалохванню і пераследу актывістаў, па татальнаму падаўленню свабоды выказвання меркаванняў". Яны пратэстуюць супраць "ціску і пераследу арганізацый грамадзянскай супольнасці, кіраўнікоў і актывістаў арганізацый і ініцыятыў". Нагадваюць, што ў офісах НДА і ў кватэрах актывістаў прайшлі дзясяткі ператрусаў, а "у апошнія дні ўлады прынялі захады па ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці" — некамерцыйныя арганізацыі ліквідуюцца дзясяткамі (прычым нярэдка без папярэджванняў і выстаўлення прэтэнзій).
"Дадзеная кампанія, відавочна, накіраваная на поўную ліквідацыю трэцяга сектара, татальнае знішчэнне любой грамадзянскай актыўнасці, падаўленне любой ініцыятывы, — гаворыцца ў заяве. —Такія дзеянні з’яўляюцца абуральным парушэннем міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды асацыяцый і выказвання меркавання".
БХК, Беларускі ПЭН-цэнтр, ПЦ "Вясна" (пазбаўлены рэгістрацыі ў нашай краіне), "Прававая ініцыятыва", Беларускі дакументацыйны цэнтр і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава заклікаюць міжнародныя арганізацыі "публічна выказаць сваю ацэнку дзеянням уладаў, выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для аказання ўплыву на змяненне сітуацыі".