Прадстаўніцтва РБ: ААН аплачвала адвакацкія паслугі для ўдзельнікаў пратэстаў
Прадстаўнікоў ААН у Беларусі лічаць датычнымі да фінансавання пратэстаў
Офіс ААН у Беларусі незаконна выкарыстаў грашовыя сродкі арганізацыі для таго, каб аплачваць паслугі адвакатаў 23 беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Пра гэта паведамляе Sputnik Беларусь са спасылкай на пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.
Пра тое, што прадстаўнікі ААН у Беларусі датычныя да фінансавання беларускіх пратэстаў, 26 верасня заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" па выніках сустрэчы з кіраўніком ААН Антоніу Гутэрышам.
Як паведамляла Еўрарадыё, на сустрэчы з Гутэрышам Макей расказаў пра гатоўнасць Беларусі апублічыць факты пра тое, як некаторыя супрацоўнікі ААН у Беларусі выкарыстоўвалі грошы арганізацыі, якія выдзяляюцца для людзей з інваліднасцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэсных акцый.
Па словах кіраўніка МЗС Беларусі, генеральны сакратар ААН не ведаў пра тое, што "некаторыя яго памочнікі... за ягонай спінай робяць шэраг, скажам, непрывабных рэчаў".